МІНСК, 12 ліс - Sputnik. Выбары ў верхнюю палату парламента прайшлі ў святочнай атмасферы, сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт Sputnik.
Галасаванне прыйшлося на дзяржаўнае свята - 7 лістапада.
"Гэта (галасаванне - Sputnik) суправаджаюць такімі святочнымі мерапрыемствамі, як канцэрт. Яны ў пэўным плане з'яўляюцца такімі пафаснымі - у добрым сэнсе гэтага слова", - адзначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
Ярмошына распавяла, што ў гэты час знаходзілася ў Магілёве ў Палацы культуры. Выбары прайшлі годна і выступленні кандыдатаў былі яркімі, на іх жыва рэагавала зала.
"Таму я абсалютна задаволеная, як выбары прайшлі там. Я думаю, што ва ўсіх астатніх рэгіёнах, па водгуках маіх калегаў, выбары членаў Савета Рэспублікі прайшлі гэтак жа сама", - упэўненая яна.
Пры гэтым у новым складзе верхняй палаты парламента 14 чалавек (25% агульнай колькасці) - жанчыны.
Па словах кіраўніка ЦВК, цяпер толькі адзін абраны сенатар з'яўляецца членам Палаты прадстаўнікоў цяперашняга склікання і гэта - Валерый Гайдукевіч. Аднак Савет Рэспублікі яшчэ не ў поўным складзе.
"Яшчэ 8 чалавек можа прызначыць кіраўнік дзяржавы, але яго асноўная частка ўжо сфарміравана", - нагадала Лідзія Ярмошына.
Датэрміновае галасаванне
Кіраўнік ЦВК адзначыла, што сёння ў Беларусі стартавала датэрміновае галасаванне за кандыдатаў у дэпутаты ніжняй палаты парламента.
Пры гэтым яна не ўзялася прагназаваць яўку, але выказала ўпэўненасць, што людзі будуць актыўна галасаваць.
"З-за таго, што мы працуем з адным выхадным - субота таксама працоўны дзень. Я думаю выбаршчыкі скарыстаюцца магчымасцю прагаласаваць датэрмінова і вызваліць адзіны выхадны (нядзелю 17 лістапада - дзень галасавання - Sputnik)", - патлумачыла Лідзія Ярмошына.
Пасля чаго дадала, што ўсё ж не бярэцца прагназаваць яўку, таму што спецыяльных апытанняў на дадзеную тэму не праводзілася.
Пры гэтым яна асабліва адзначыла, што ў выбарах удзельнічае вялікая колькасць кандыдатаў і ў Беларусі няма безальтэрнатыўных акругаў.
"Я ўпэўнена, што ў выбаршчыкаў ёсць цікавасць да выбараў і яны на іх прыйдуць", - заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
Лідзія Ярмошына паведаміла, што сама будзе галасаваць у чацвер, 14 лістапада.
Непрыемныя факты
"Мне не падабаецца, што ў дачыненні да 13 кандыдатаў у дэпутаты адменены рашэнні аб рэгістрацыі акруговымі выбарчымі камісіямі", - адзначыла яна.
Пасля чаго адзначыла, што гаворка можа ісці аб 12 кандыдатах, таму што ў дачыненні да аднаго кандыдата - студэнта, які пражывае ў Польшчы - рашэнне прымалася Цэнтрвыбаркамам.
"Мне не вельмі падабаецца, што 33 кандыдаты знялі свае кандыдатуры самі добраахвотна. На дадзены момант іх у нас засталося ўжо 516", - канстатавала Ярмошына.
У завяршэнне яна дадала, што дзеючым сёмы скліканне Савета рэспублікі будзе лічыцца пасля правядзення першага пасяджэння, якое павінна адбыцца не пазней за 7 снежня бягучага года.
"Таму не выключана, што сесія адбудзецца або 5, або 6 снежня", - падагульніла яна.