МІНСК, 15 ліс - Sputnik. Абласны фестываль-кірмаш "Дажынкі-2019" пройдзе ў Магілёве ў пятніцу, 15 лістапада. Прывітанне гасцям і ўдзельнікам накіраваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Спакон веку на зямлі працавалі і перадавалі свае традыцыі нашчадкам самыя адказныя, добрасумленныя, мудрыя людзі. Дзякую ўсім, хто вырасціў і сабраў да апошняга зярнятка наш хлеб - самае каштоўнае "беларускае золата", хто забяспечвае рэспубліку гароднінай, мясам і малаком", - сказаў Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сельскагаспадарчую прадукцыю гэтага рэгіёну Беларусі купляюць дзесяткі краін свету, а патэнцыял гэтай зямлі ацанілі буйныя айчынныя і міжнародныя вытворцы.
"Перакананы, Магілёўшчына гатова паспяхова вырашыць усе пастаўленыя перад ёй задачы аграпрамысловай галіны. Бо галоўным рэсурсам рэгіёну з'яўляюцца яго жыхары, чые працавітасць і сіла духу заўсёды накіраваны на карысць роднай Беларусі", - сказана ў прывітанні.
Лукашэнка таксама пажадаў працаўнікам вёскі і іх сем'ям моцнага здароўя, міру, дабра, дабрабыту і нязменнай ўдачы ва ўсіх пачынаннях.
Асаблівасцю абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2019" у Магілёве ў гэты раз стане конкурсная праграма. Свае экспанаты на конкурсе хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў пакажуць ўсе раёны Прыдняпроўскага краю. Выберуць таксама лепшае падвор'е.
Па традыцыі ўзнагародзяць лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі рэгіёну, бо 17 лістапада аграрыі Беларусі адзначаюць прафесійнае свята.
Чытайце таксама:
- Нават дождж не напалохаў: як прайшлі Дажынкі ў Крупіцы