Фота

Месца для спонсара і імітацыя багацця: што малявалі на беларускіх абразах

У Нацыянальнай акадэміі навук захоўваецца ўнікальная калекцыя абразоў, кожны з якіх – сапраўдная каштоўнасць.
Sputnik
Навуковы супрацоўнік Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Галіна Флікоп-Світа правяла спецыяльную экскурсію для Sputnik, падчас якой распавяла аб самых знакавых абразах з калекцыі музея.
"Безумоўна, кожны абраз, прадстаўлены ў экспазіцыі, для нас па-свойму каштоўны, але ёсць тыя, якія можна вылучыць з агульнай колькасці па пэўных прычынах, напрыклад, як унікальны прадмет пэўнай эпохі ці рэгіёну", - падкрэсліла спецыяліст.
На першы погляд абразы падаюцца даволі складанымі і цяжкімі для разумення творамі мастацтва, але за кожным свая таямніца і цікавая гісторыя. Ёсць у музеі ўнікальныя прыклады іканапісу XVI стагоддзя, якія па ўсёй краіне можна пералічыць па пальцах. На некаторых абразах народныя майстры дамалёўвалі выяву фундатара, які дапамог грашыма ў стварэнні абраза ці даў сродкі на стварэнне шатаў – металічнага ўпрыгажэння.
Самыя цікавыя абразы з Музея старажытнабеларускай культуры і іх не менш цікавыя гісторыі - у фотастужцы Sputnik.
1 / 13
Самыя старажытныя захаваныя беларускія абразы датуюцца XV стагоддзем, але такіх прыкладаў вельмі мала на ўсю краіну. Калекцыя музея пачынаецца з XVI стагоддзя. На фота адзін з іх – абраз "Маці Божая Адзігітрыя", знойдзены ў вёсцы Здзітава Брэсцкай вобласці. У гэты перыяд прасочваецца моцная сувязь з візантыйскім мастацтвам, але пры гэтым помнік сведчыць ужо пра фарміраванне ў той час самабытных традыцый беларускага іканапісу.
2 / 13
Побач з праваслаўнай Маці Божай Адзігітрыяй – алтарная карціна "Пакланенне вешчуноў" з касцёла ў Дрысвятах Віцебскай вобласці. Таксама датуецца XVI стагоддзем. Абраз быў перапісаны ў XVII стагоддзі, у тыя часы гэта было нармальнай практыкай. Дамалявалі на абразе фундатара, які выдаткаваў грошы на стварэнне металічных шатаў.
3 / 13
Металічным упрыгажэннем аздобілі не толькі выявы святых, але і самога фундатара.
4 / 13
Абраз "Святая Параскева" 1646 года знойдзены ў вёсцы Пескі Гродзенскай вобласці. Ён унікальны тым, што датаваных абразоў з Гродзеншчыны ўвогуле захавалася вельмі мала.
5 / 13
Абраз "Маці Божая замілаванне" - самы стары з датаваных абразоў у калекцыі музея. Створаны ён ў 1644 годзе.
6 / 13
Абразы Томаша Міхальскага – "Узнясенне" 1751 года і "Святы Ануфрый" XVIII стагоддзя знойдзены ў вёсцы Дзівін Брэсцкай вобласці. Іх каштоўнасць менавіта ў тым, што яны захавалі для нас імя мастака. Абразоў гэтага іканапісца ёсць некалькі ў Беларусі, а таксама – на Украіне: ён працаваў на Палессі і Валыні.
7 / 13
Абраз "Святой Барбары" – яскравы прыклад таго, як майстры імітавалі багатыя ўпрыгажэнні. Калі прыгледзецца, можна заўважыць, што майстар Ян Васілеўскі, імя якога вядома з надпісу на абразе, паспрабаваў даступнымі яму сродкамі зрабіць імітацыю пад металічную шату.
8 / 13
Такім чынам падкрэслівалі каштоўнасць абраза, калі на гэта не было грашовых сродкаў.
9 / 13
Абраз "Божая Маці Крывошынская" з каталіцкага касцёла ў Крывошыне з выявамі Ігнація Лаёлы і Францішака Ксаверыя. Адзін з абразоў у калекцыі музея, які шанаваўся як цудадзейны.
10 / 13
Фератрон – працэсійны перанасны алтарык. Яны выкарыстоўваліся ў каталіцкіх касцёлах і пад уплавым каталіцкай традыцыі распаўсюдзіліся ва ўніяцкіх цэрквах.
11 / 13
Калі пад час свята адбываўся хросны ход, то прыхаджане выносілі фератрон.
12 / 13
У праваслаўнай царкве гэтую функцыю выконваюць крыжы і харугвы. Рабілі фератроны звычайна за сродкі брацтва.
13 / 13
На абразе "Маці Божая Ляснянская" 1852 года намаляваны эпізод пра яго з’яўленне. Лічылася, што ён з’явіўся на дрэве. Побач - пастушкі, якія па легендзе і знайшлі абраз.