ГРОДНА, 28 ліс - Sputnik, Іна Грышук. У двары Старога замка ў Гродне ідуць работы па пераносе ацалелых частак сцен старажытнай царквы XIII-XIV стагоддзяў, якія больш за 80 гадоў захоўваліся на тэрыторыі замка.
Рэшткам старажытнай царквы трэба будзе перажыць пераезд, так як на месцы іх цяперашняга захоўвання павінны праходзіць археалагічныя раскопкі.
Артэфакты захоўваліся 80 гадоў
Рэшткі старадаўніх сцен захоўваліся каля сцен Старога замка ў спецыяльна пабудаваным доміку, які абараняў іх ад снегу і дажджу. Тут яны праляжалі больш за 80 гадоў.
Пра іх гісторыю ведаюць не ўсе гродзенцы. На самой справе гэта вельмі важныя для гісторыі Гродна артэфакты, якія былі знойдзеныя на тэрыторыі Старога замка ў 30-я гады XX стагоддзя. Гэта былі рэшткі царквы, якая стаяла ў двары замка. Мяркуецца, што пабудавалі яе ў канцы XIII - пачатку XIV стагоддзяў, а разабралі ў XVI стагоддзі.
Як распавёў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, знойдзеныя фрагменты царквы вырашылі назваць Верхняй царквой. Іх перанеслі да сцен замка.
Пад Верхняй царквой апынуліся сцены яшчэ аднаго збудавання, якое назвалі Ніжняй царквой. Яна датуецца XII стагоддзем, гэта значыць з'яўляецца равеснiцаю, а магчыма, і старэйшай сястрой гарадзенскай Каложы. Зараз Ніжняя царква знаходзіцца пад спецыяльна пабудаваным над ёй павільёнам насупраць галоўнага будынка замка.
І калі руіны Ніжняй царквы былі адкрыты для экспазіцыі, то рэшткі Верхняй царквы захоўваліся пад замком, іх нікому не паказвалі.
Перанос - вымушаная мера
Фрагменты Верхняй царквы, якія захаваліся, - гэта часткі апсіды і трох слупоў культавага збудавання. Іх вырашылі перанесці на новую пляцоўку каля павільёна Ніжняй царквы. Работы па пераносе пачаліся 26 лістапада. Для іх будзе пабудаваны новы часовы прытулак.
Перанос рэшткаў старадаўніх руін - вымушаная мера. Справа ў тым, што ў тым месцы, дзе яны захоўваліся, павінны праходзіць археалагічныя раскопкі, прадугледжаныя другой чаргой работ па рэканструкцыі Старога замка.
Мяркуецца, што на гэтым месцы знаходзіўся парадны ўваход у палац. Археолагам трэба будзе праверыць, якім ён быў і ці быў наогул, удакладніць памеры і месца размяшчэння.
Які лёс руін Верхняй царквы?
Зараз можна бачыць, што стан рэшткаў Верхняй царквы не самы лепшы. Кансервацыйныя работы праводзілі толькі ў 30-я гады мінулага стагоддзя.
Па словах Кітуркі, фрагменты Верхняй царквы ў будучыні стануць часткай экспазіцыі і будуць змешчаны ў спецыяльным падземным павільёне, які плануецца пабудаваць у рамках трэцяга этапу рэканструкцыі Старога замка. У гэтым павільёне наведвальнікі змогуць убачыць і Ніжнюю, і Верхнюю царквы.