МІНСК, 2 сне - Sputnik. Кліматычная зіма ў Беларусі ўжо пачалася, канстатуюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"Кліматычная зіма пачынаецца, калі сярэднясутачная тэмпература пераходзіць праз нуль і становіцца адмоўнай", - тлумачыць начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамеце Аляксандр Бяганскі, яго словы прыводзіць агенцтва "Мінск-Новости".
Як правіла, у паўночных раёнах Беларусі кліматычная зіма надыходзіць у пачатку другой дэкады лістапада, у Мінску - у канцы другой дэкады, на паўднёвым захадзе краіны - бліжэй да канца лістапада, а ў Брэсце - у пачатку снежня. У гэтым годзе яна прыйшла блізка да звычайных тэрмінаў. У канцы лістапада на тэрыторыю краіны пачало паступаць халоднае арктычнае паветра з паўночных мораў. І за нейкія суткі ў многіх раёнах тэмпература апусцілася з +5°С да -5°С.
Доўгатэрміновых прагнозаў аб тым, якой выдасца цяперашняя зіма, у Белгідрамеце не робяць: дакладнасць такіх прагнозаў нават у вядучых сусветных цэнтраў у гэтай галіне, размешчаных у Вашынгтоне, Маскве і Мельбурне, вельмі невысокая.
У адным спецыялісты не сумняваюцца: будуць і адлігі, і марозныя перыяды. Прычым у Беларусі перапады тэмператур нават на працягу адных сутак могуць быць вельмі значнымі - ваганне ў межах 10 градусаў для зімы цалкам нармальна.
Традыцыйна самым халодным месяцам называюць студзень, калі сярэдняя тэмпература складае -4,5°С, пры гэтым абсалютныя мінімумы часта выпадаюць на люты. А самым цёплым месяцам зімы лічыцца снежань: сярэдняя тэмпература складае -3,3°С. Пры гэтым і снежань, і студзень за мінулыя 30 гадоў сталі цяплей у сярэднім на 0,5°С.
Яшчэ 15-20 гадоў таму снежны полаг з'яўляўся ў снежні і захоўваўся да пачатку сакавіка. За 30 гадоў снег у Беларусі ляжыць у сярэднім на 5-11 дзён менш, а ў некаторых раёнах - і на 15-20. Максімальная вышыня снежнага покрыва за ўсю гісторыю метэаназіранняў - 50-60 см, за апошні час назіраецца скарачэнне гэтага паказчыка ў два разы.