Беларусь і Турцыя дасягнулі тавараабароту ў 1 млрд долараў і хочуць больш

Мінск і Анкара маюць намер у будучыні рэалізаваць праект водных зносін паміж краінамі, які пройдзе па Дняпры.
Sputnik

МІНСК, 18 сне - Sputnik. Беларусь зацікаўлена ў развіцці адносін з Турцыяй па ўсіх напрамках, краіны будуць павялічваць тавараабарот, які ўжо дасягнуў аднаго мільярда долараў, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.

Сёння спікер ніжняй палаты беларускага парламента сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Турцыі ў Беларусі Кезбан Нілвана Дарама, якая заканчвае сваю працу ў краіне.

"Час ляціць хутка, сканчаецца тэрмін вашай працы ў Беларусі. Думаю, што ў Вас застануцца самыя цёплыя ўспаміны пра нашу краіну і Вы застанецеся сябрам Беларусі", - сказаў Андрэйчанка, звяртаючыся да турэцкага пасла.

"Вы даведаліся пра нашу рэспубліку, людзей, традыцыі, але самае галоўнае - Вы пераканаліся, што Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Турцыяй", - сказаў Андрэйчанка.

Ён адзначыў намаганні пасла па актывізацыі двухбаковых кантактаў.

"Дзякуючы вашай актыўнай працы пашырыліся кантакты паміж краінамі, у нас няма праблемных пытанняў, адносіны развіваюцца паступова", - адзначыў спікер ніжняй палаты.

Паводле яго слоў, за час працы пасла адбылося два важныя візіты - прэзідэнта Турцыі ў Беларусь і беларускага прэзідэнта ў Анкару, падчас якіх было падпісана шмат важных дакументаў.

У Беларусі як дома

У сваю чаргу пасол адзначыла, што за час свой працы ў Беларусі яна адчувала сябе як дома і прывязе ў Турцыю самыя цёплыя водгукі аб краіне.

Паводле яе слоў, самы важны напрамак супрацоўніцтва паміж краінамі - гэта гандаль, але развіваюцца і іншыя кірункі - адукацыя, культура. Пасол адзначыла рост колькасці турэцкіх студэнтаў, якія прыязджаюць вучыцца ў беларускія ВНУ. Яна адзначыла, што студэнтаў з Турцыі накіроўваюць у Беларусь вучыцца ў якасці заахвочвання.

"Таму што Беларусь вельмі стабільная і бяспечная краіна", - сказала пасол.

Стратэгічны характар

Як сказаў журналістам старшыня камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты беларускага парламента Андрэй Савіных, які да гэтага доўгі час быў Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Беларусі ў Турцыі, адносіны паміж краінамі апошнім часам набылі стратэгічны характар.

"Паміж краінамі наладжаны дыялог на вышэйшым узроўні, ёсць цесныя кантакты па лініі парламентаў", - заявіў ён.
Савіных таксама падкрэсліў, што Турцыя і Беларусь дасягнула тавараабароту ў адзін мільярд долараў, стаіць задача зрабіць гэты тавараабарот устойлівым.

"Краіны дапаўняюць адна адну, у нас няма сур'ёзных эканамічных і палітычных супярэчнасцяў", - сказаў Савіных.

Гаворачы аб асноўных перспектыўных напрамках, над якімі працуюць краіны, Савіных адзначыў, што гэта магчымасць водных зносін Беларусі і Турцыі па Дняпры, прыцягненне турэцкіх інвестыцыі і адкрыццё турэцкіх вытворчасцяў у Беларусі, каб пастаўляць вырабленыя тавары на еўразійскі рынак, таксама адкрыццё беларускіх зборачных вытворчасцяў у Турцыі.