Падрыхтоўка да Сусветнай шахматнай алімпіяды ў Беларусі вядзецца досыць актыўна, нягледзячы на тое, што да спаборніцтваў застаюцца яшчэ тры гады, распавяла Sputnik міжнародны майстар па шахматах, старшыня грамадскага аб'яднання "Беларуская федэрацыя шахмат", віцэ-прэзідэнт ФІДЭ Анастасія Сарокіна.
"У наступным годзе ў нас пройдзе Кубак свету сярод жанчын, а яшчэ праз год Кубак свету сярод мужчын. І было прынята рашэнне, што падчас Кубка свету сярод жанчын пройдзе і Minsk Open - вялікі турнір, у якім будзе і турнір па класічных шахматах, і мемарыял Купрэйчыка па хуткіх шахматах, і дзіцячы турнір, і семінары для суддзяў. На шчасце, інфраструктура ў нас гатова поўнасцю, спаборніцтвы пройдуць на Мінск-Арэне, і гасцініцы ўжо таксама праінспектаваны", - паведаміла Сарокіна.
Таксама кіраўнік Беларускай федэрацыі шахмат распавяла аб падрабязнасцях падрыхтоўкі настаўнікаў па шахматах на базе БДПУ імя М. Танка ў Мінску, з пачатку навучальнага года студэнтам 3-4 курсаў акрамя свайго дыплома, было прапанавана атрымліваць яшчэ і дыплом настаўніка па шахматах.
"Прыемна, што студэнты адгукаюцца, ім цікава, і мы ўжо бачым нейкі касцяк людзей, якія зацікаўлены працягнуць сваю кар'еру не толькі як настаўнікі малодшых класаў, але і звязаць яе непасрэдна з шахматамі, навучаць дзетак", - адзначыла Сарокіна.
Акрамя таго, да старту рыхтуецца і маштабны праект "Шахматны свет", гэты сумесны праект беларускай Федэрацыі шахмат і Фонду міру будзе ўяўляць сабой шматступенны шахматны турнір для школьнікаў - ад рэгіянальных узроўняў да агульнарэспубліканскага з фіналам у Мінску.
"У студзені пасля канікул мы раздадзім матэрыял па ўсіх школах, гэта навучальныя праграмы і дэманстрацыйныя дошкі і самі шахматы, дзеткі пачнуць ужо займацца са студзеня, сам фінал пройдзе ў маі. Першапачаткова мы планавалі, што гэта будзе калядны турнір, але абмеркавалі многія аспекты і падумалі, што перад канікуламі будзе добра, цёпла і выдатна правесці шахматны турнір у маі", - сказала Сарокіна.
Поўную версію размовы са старшынёй Беларускай федэрацыі шахмат Настай Сарокінай глядзіце ў відэатрансляцыі.