МІНСК, 19 сне - Sputnik. Беларускія дэпутаты сёмага склікання вызначыліся з колькасцю і складам профільных парламенцкіх камісій. Самымі шматлікімі, у якіх будзе па дзесяць дэпутатаў, сталі камісія па міжнародных справах і камісія па ахове здароўя, па фізічнай культуры сямейнай і моладзевай палітыцы.
Самыя шматлікія парламенцкія камісіі ўзначальваюць адпаведна кадравы дыпламат, былы пасол у Турцыі Андрэй Савіных і гісторык Ігар Марзалюк.
У прыватнасці, у камісію, якую ўзначальвае Савіных, увайшлі дэпутат шостага склікання, лідар ЛДПБ Алег Гайдукевіч, былы намеснік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі.
Самай нешматлікай стала камісія па аграрнай палітыцы, у якой разам са старшынёй пяць чалавек.
У камісіі па заканадаўстве - дзевяць чалавек, у камісіі па дзяржбудаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце - шэсць дэпутатаў.
У камісіі па нацыянальнай бяспецы дзевяць чалавек. Яе ўзначаліў генерал Белаконеў, а ўвайшлі туды традыцыйна толькі мужчыны-сілавікі. У прыватнасці, гэта былы намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Дубаў, былы ваенны камісар Брэсцкай вобласці Яўген Зайцаў.
У камісію па эканамічнай палітыцы ўвайшлі шэсць дэпутатаў, у камісію па бюджэце і фінансах - столькі ж, у прыродаахоўную - дзевяць дэпутатаў. У камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ ўвайшлі шэсць чалавек. Менавіта тут будуць працаваць былы міністр інфармацыі Лілія Ананіч, а таксама "міс Беларусь" Марыя Васілевіч.
У камісіі па прамысловасці, ТЭК, транспарце і сувязі будзе сем чалавек, па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве - шэсць чалавек.
Дэпутатам спатрэбілася каля паўгадзіны, каб прагаласаваць за склады камісій, галасавалі па агульных спісах і аднагалосна.