МІНСК, 3 сту - Sputnik. Чэргі з легкавых аўтамабіляў на мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза захоўваюцца раніцай у пятніцу, пра гэта сведчаць звесткі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Увечары ў чацвер у пунктах пропуску на мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай сітуацыя была досыць напружанай - там стаялі больш за 700 легкавікоў. Па стане на раніцу пятніцы сітуацыя крыху палепшылася, аднак выезду з Беларусі чакаюць яшчэ больш за 330 аўто.
Самая складаная абстаноўка на беларуска-літоўскай мяжы. Так, у пункце пропуску "Каменны Лог" у чарзе стаяць больш за 80 легкавых аўтамабіляў, у "Беняконях" - больш за 50, у "Лошы" - больш за 40. Ёсць невялікія цяжкасці з перасячэннем мяжы ў "Катлоўцы": там сабралася больш за 20 аўто.
На мяжы з Польшчай ёсць па-ранейшаму праблемы ў пункце пропуску "Брэст": у чарзе стаяць больш за 120 легкавікоў. Невялікі затор назіраецца ў "Брузгах", дзе па дадзеных на 8:00 чакаюць выезду з Беларусі больш за 20 машын.
Пры гэтым праблем з перасячэннем беларускай мяжы з краінамі ЕС няма ў грузавікоў і аўтобусаў. Толькі ў некаторых пунктах пропуску ў чэргах стаяць велікагрузы.
Пятніца і субота (3 і 4 студзеня) у Беларусі - працоўныя дні. Тым не менш, жыхары суседняй Расіі могуць пахваліцца доўгімі выхаднымі - з 1 па 8 студзеня. Як працуюць і адпачываюць у Беларусі і суседніх краінах - глядзіце ў інфаграфіцы Sputnik.