Фотафакт: МАЗы на стартавым подыуме "Дакара - 2020"

Акрамя каманды "МАЗ-СПОРТаўта" ў гонцы ўдзельнічае яшчэ адзін беларус - ён пілатуе багі расійскай каманды.
Sputnik

МІНСК, 5 сту - Sputnik. Ралі-рэйд "Дакар - 2020" стартаваў у нядзелю ў Саудаўскай Аравіі, напярэдадні прайшоў урачысты подыум удзельнікаў гонкі.

На подыуме "Дакара" ўпершыню пабываў і "капотны" МАЗ Сяргея Вязовіча, які ўжо заваяваў золата гонкі ў Марока. Сёння днём ён стартуе ў самым складаным ралі-рэйдзе планеты.

Першы этап раней называлі пралогам, і ён быў кароткім па працягласці і нескладаным, аднак арганізатары сёлета зладзілі павозкам сюрпрыз - ім трэба праехаць 752 кіламетры, з іх 319 км прыпадаюць на спецучастак.

"Чырвоныя зубры" празвалі першы этап "Дакарам у мініяцюры": павозкам адразу давядзецца сутыкнуцца з дзюнамі, а штурманам будзе няпроста ўказваць маршрут з-за шматлікіх перасячэнняў трэкаў і розных дарог.

Фотафакт: МАЗы на стартавым подыуме "Дакара - 2020"

Раней у "МАЗ-СПОРТаўта" падкрэслівалі, што ў восьмым сваёй гісторыі "Дакары" нацэлены на самыя высокія вынікі.

Дарэчы, акрамя "чырвоных зуброў" у гонцы ўдзельнічае яшчэ адзін беларус - Андрэй Рудніцкі. Ён разам з расіянінам Аляксеем Шмоцьевым пілатуе багі расійскай каманды Snag Racing Team.

Ралі-рэйд "Дакар-2020" упершыню праходзіць у Саудаўскай Аравіі з 5 па 17 студзеня. Удзельнікам трэба будзе пераадолець 12 этапаў агульнай працягласцю ў 7800 кіламетраў, з іх 5 тысяч прыйдзецца на спецучасткі. У заліку грузавікоў заяўлена 47 экіпажаў, сярод іх - тры беларускія.