Макей: ратыфікацыя падпісаных з ЕС пагадненняў пройдзе хутка

Кіраўнік МЗС парэкамендаваў беларусам з лютага звяртацца па атрыманне шматразовай шэнгенскай візы за 80 еўра.
Sputnik

МІНСК, 9 сту - Sputnik. Ратыфікацыя падпісаных у Бруселі пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі не зойме шмат часу, упэўнены міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Еўракамісія: візы для беларусаў могуць патаннець да 35 еўра ўжо ў чэрвені

"Яшчэ павінны прайсці некаторыя прыступкі, звязаныя з ратыфікацыяй гэтых пагадненняў. Што да беларускага боку, то мы гатовыя зрабіць гэта ў самыя кароткія тэрміны. Мы дамовіліся, каб гэтыя пагадненні былі ратыфікаваны як мага хутчэй і Еўрапарламентам і парламентам Беларусі. Але зразумела, што гэта зойме пару-тройку месяцаў", - удакладніў ён.

Па словах Макея, вынікам стане тое, што шэнгенскую шматразовую шэнгенскую візу можна будзе атрымаць хутчэй, прасцей і танней - для беларусаў яна будзе каштаваць 35 еўра.

"Мы хацелі б рэкамендаваць нашым грамадзянам, якія маюць намер атрымліваць візу і хочуць зрабіць гэта ў перыяд дзеяння новага візавага кодэкса ЕС, звяртацца па атрыманне шматразовай візы. Мы дамовіліся з нашымі партнёрамі, што гэтыя пытанні будуць разглядацца вельмі старанна і карэктна", - адзначыў кіраўнік МЗС.

Макей мяркуе, што такая палітыка дапаможа зняць напружанасць, звязаную з тым, што на працягу кароткага перыяду часу беларусы будуць вымушаныя набываць візы па больш высокіх коштах.

Нагадаем, разам з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму ў Бруселі 8 студзеня было падпісана і пагадненне аб рэадмісіі. Пры гэтым з 2 лютага, калі ў сілу ўступіць новы візавы кодэкс ЕС, і да моманту ратыфікацыі названых дакументаў, кошт шэнгена для грамадзян Беларусі складзе 80 еўра.