БелАЭС

Беларускую АЭС уключылі ў склад "Белэнерга"

Гэтае рашэнне прынята для таго, каб забяспечыць магчымасць выбудоўваць і весці адзіную тэхнічную палітыку ў сферы генерацыі электрычнай энергіі ў энергасістэме Беларусі.
Sputnik

МІНСК, 10 сту - Sputnik. Беларуская АЭС у Астраўцы ўвайшла ў склад ДВА "Белэнерга", пра гэта паведамілі ў прэс-службе вытворчага аб'яднання.

"Гэта ўсяго толькі эмоцыі": эксперт аб новых прэтэнзіях Літвы да БелАЭС

БелАЭС уключана ў склад "Белэнерга" з 1 студзеня 2020 года. "Такое рашэнне дасць магчымасць выбудоўваць і весці ў энергасістэме адзіную тэхнічную палітыку ў сферы генерацыі электрычнай энергіі", - распавялі ў прэс-службе.

У цэлым для ўдасканалення структуры кіравання арганізацыямі, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства энергетыкі, былі прынятыя яшчэ некаторыя змены. Так, з 1 красавіка 2019 года пачала працаваць дзяржустанова "Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд". З 17 снежня 2019 года Мінэканомікі атрымаў пасведчанне аб рэгістрацыі холдынга "Белэнергабуд холдынг".

У канцы 2019 года арганізацыя РУП "АДУ", якая займаецца аператыўна-дыспетчарскім кіраваннем аб'яднанай энергасістэмай Беларусі, далучылася да "Белэнерга". Аб усіх зменах у структуры "Белэнерга" можна даведацца на афіцыйным сайце арганізацыі.

Раней паведамлялася, што фізічны пуск Беларускай АЭС у Астраўцы перанесены з канца 2019 года на пачатак 2020-га. Пры гэтым канкрэтная дата пуску будзе залежаць ад тэрмінаў завозу ядзернага паліва і яго прыёмкі на станцыі. Ядзернае паліва плануюць прывезці ў першым квартале 2020 года.

У дадзены момант на першым энергаблоку БелАЭС праводзіцца гарачая абкатка абсталявання. У працэсе гарачай абкаткі імітуецца праца энергаблока. Пры гэтым у рэактар загружаюцца імітатары цеплавыдзяляльных зборак.

Другі энергаблок БелАЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2021 годзе. На ім ужо выканана 70% будаўніча-мантажных работ.