Мулявін прысвяціў сваё жыццё беларускай песне і зрабіў яе папулярнай ва ўсім свеце. Разам з "Песнярамі" ён пабываў у розных краінах, дзе мастацтва выбітнага кампазітара і выканаўцы прымалі з захапленнем. Але самымі жаданымі і ўдзячнымі слухачамі для Уладзіміра Мулявіна заўсёды былі землякі-беларусы.
"Для чаго я зрабіў народную песню? Калі я прыходзіў у залу, бачыў, што на канцэрце народнага калектыву сядзіць 20-30 чалавек. Мне было вельмі крыўдна. Я думаў: трэба неяк яе падняць. Трэба было абнавіць народную песню і потым вярнуць — аддаць яе", — распавядаў Мулявін у адным са сваіх апошніх інтэрв'ю.
Беларускі ансамбаль "Песняры", мастацкім кіраўніком і заснавальнікам якога быў Мулявін, стаўся першым ансамблем з усяго Савецкага Саюзу, які адправіўся на гастролі ў ЗША, і адзіным, хто трапіў у нумар часопіса "Білборд".
ВІА "Песняры" ў прэсе нярэдка параўноўвалі з The Beatles. Самабытныя, таленавітыя і любімыя мільёнамі. Аднак гэта не ўсё, што звязвала два калектывы. Амерыканская публіка горача сустракала беларускі ансамбль, а мясцовыя СМІ назвалі "Песняроў" гуртом, які заслужыў, каб яму апладзіравалі стоячы.
Цікава, што кантракт на выступы ў ЗША "Песнярам" прапанаваў прадзюсер The Beatles. У прэсе таксама можна знайсці інфармацыю, што ўдзельнікі The Beatles у свой час былі захопленыя музыкай калектыву Уладзіміра Мулявіна. Нібыта Пол Макартні сказаў пра "Песняроў": "Мне б такія галасы", Джон Ленан прызнаўся, што нічога лепшага не чуў, а Джордж Харысан усклікнуў: "Песняры" спяваюць, як багі, а граюць, як дзеці!" Дарэчы, афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма як з боку ліверпульскай чацвёркі, так і беларускага ВІА.
Як і кожны з геніяў, цалкам адданых сваёй справе, Мулявін да апошніх гадзін свайго жыцця прагнуў творчасці.
"Ляжу — а чакае столькі працы! Трэба скончыць дзевяць альбомаў. Думкі аб ажыццяўленні гэтай мары, напэўна, і даюць нейкую сілу, стымул, аптымізм. Гэтыя альбомы — сапраўдныя мюзіклы. Калі не пастаўлю на сцэне, хачу іх аднавіць хоць бы ў запісу. Музыку пішу пастаянна. Напяваю на дыктафон. Калі гэта каму-небудзь спатрэбіцца… Спадзяюся, што спатрэбіцца", — казаў Мулявін у сваім апошнім інтэрв'ю.
Аляксандр Крывашэеў і Юлія Хвошч на радыё Sputnik Беларусь узгадваюць выбітнага беларускага песняра Уладзіміра Мулявіна.