Агульны для Беларусі і Расіі спіс невыязных грамадзян з'явіцца да 1 сакавіка

Акрамя таго, прадстаўнікі МУС дзвюх краін дамовіліся аб тым, што падрыхтуюць пагадненне, якое будзе рэгламентаваць пытанні абмену інфармацыяй у галіне міграцыі.
Sputnik

МІНСК, 7 лют - Sputnik. Агульны спіс невыязных грамадзян Беларусі і Расіі з'явіцца да 1 сакавіка гэтага года, пра гэта паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

У пятніцу ў Віцебску прайшло пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы з Беларусі і Расіі. На парадку дня былі міграцыйныя пытанні, у тым ліку фарміраванне агульнага спісу невыязных. Чакаецца, што агульны для дзвюх краін спіс невыязных асобаў будзе сфармаваны да 1 сакавіка.

"Таксама дасягнута дамоўленасць аб падрыхтоўцы агульнага пагаднення, якое будзе рэгламентаваць пытанні абмену інфармацыі ў галіне міграцыі ў дачыненні да ўласных грамадзян", - цытуе Бягуна БелТА.

Таксама цяпер рыхтуецца праект канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Чакаецца, што яго зацвярджэнне азнамянуе новы этап у інтэграцыйным узаемадзеянні ў міграцыйнай сферы.

"Спадзяюся, дакумент будзе зацверджаны ў бліжэйшы час прэзідэнтамі. Канцэпцыя запатрабуе прыняцця дадатковых арганізацыйных, практычных і тэхнічных мер па яе выкананні. Адпаведны план падрыхтавалі па лініі МУС Расіі і Беларусі", - распавёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па пытаннях міграцыі МУС Расіі Дзмітрый Дземідзенка.

Дакумент разлічаны на тое, каб даць магчымасць грамадзянам іншых краін, з якімі ў Беларусі і Расіі супадае агульны рэжым знаходжання, перасякаць унутраную мяжу Саюзнай дзяржавы. Як мінімум, замежнікі змогуць карыстацца чыгуначным і аўтамабільным транспартам.

Акрамя таго, прадстаўнікі Беларусі і Расіі абмеркавалі падрыхтоўку міграцыйных службаў да чэмпіянату свету па хакеі 2021, які пройдзе ў Мінску, і матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе бягучага года ў Санкт-Пецярбургу.

"Магчыма, пазней заключым так званае спартыўнае пагадненне. Яно дазволіць грамадзянам трэціх краін ажыццяўляць транзіт праз тэрыторыю Расіі і Беларусі для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах", - анансаваў Дземідзенка.