МІНСК, 11 лют - Sputnik. Кансультацыі аб умовах прадастаўлення Беларусі крэдыту на будаўніцтва атамнай станцыі ідуць у працоўным парадку, заявіў журналістам намеснік кіраўніка Мінфіна РФ Сяргей Сторчак.
"Беларускія калегі настойліва просяць нас перагледзець умовы дзеючага пагаднення. Кансультацыі такія ідуць у працоўным парадку, нічога асаблівага не адбываецца", - удакладніў намеснік міністра фінансаў.
"Адначасова надтачыць перыяд выкарыстання сродкаў крэдыту і паменшыць працэнтную стаўку - не адпавядае фінансавай тэорыі, таму трэба шукаць кампрамісы ў іншай плоскасці", - цытуе Сяргея Сторчака РБК.
Паводле яго слоў, беларускі бок просіць перагледзець стаўку па крэдыце, якая была ўзгоднена ў 2012 годзе. Расія пры гэтым крэдытуе партнёраў па стаўках, як для сябе, таму ў яе няма краінавай праграмы запазычанняў.
Раней, 9 лютага, першы віцэ-прэм'ер урада Беларусі Дзмітрый Крутой распавёў аб просьбе Мінска перанесці пачатак выплаты па крэдыце на больш позні тэрмін і знізіць стаўку.
"Прывёўшы яе ў адпаведнасць прыкладна з тымі кантрактамі, якія існуюць у "Расатама" ў іншых краінах", - удакладніў першы віцэ-прэм'ер.
Згодна з умовамі крэдытнага пагаднення Беларусь павінна пачаць пагашаць крэдыт прадастаўлены Расіяй не пазней за 1 красавіка 2021 года.
Расійскі бок прадаставіў крэдыт у памеры 10 мільярдаў долараў, які пакрывае кошт праекта БелАЭС прыблізна на 90%. Крэдытная лінія адкрыта для Беларусі да 2035 года.