МІНСК, 12 лют - Sputnik. Беларусь заключыць пагадненні аб супрацоўніцтве з трыма рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, адпаведнае рашэнне Савета міністраў афіцыйна апублікавана ў сераду на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
З прапановай заключыць пагадненні для пашырэння супрацоўніцтва выступіла Міністэрства замежных спраў Беларусі. Пасля яго ўзгаднення з зацікаўленымі ведамствамі ўрад прыняў рашэнне пайсці на такі крок.
У прыватнасці, у дакуменце ідзе гаворка пра падпісанне дамоваў з трыма рэгіёнамі Расіі. Сярод іх - Башкартастан, Хабараўскі край і Ленінградская вобласць. З урадамі гэтых рэгіёнаў будзе заключана пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і сацыяльна-культурнай сферах.
Беларусь цесна супрацоўнічае са многімі рэгіёнамі РФ, на дадзены момант дзейнічае больш за 300 пагадненняў. У асноўным, гэта дамоўленасці эканамічнага характару: нарошчванне аб'ёмаў узаемных паставак тавараў, пашырэнне тавараправоднай сеткі, умацаванне вытворчай кааперацыі, стварэнне зборачных вытворчасцяў.
Сярод партнёраў - Масква і Санкт-Пецярбург, Ліпецкая, Калінінградская і Навасібірская вобласці, Рэспубліка Татарстан і Пермскі край. З 2014 года штогод праходзяць форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Чарговы, сёмы форум плануецца правесці восенню 2020 года Мінску і Мінскай вобласці.