Канфлікт камунальнікаў і дызайнераў вычарпаны: прэтэнзій да майстэрняў няма

Магчыма, будзе ўзнята пытанне аб наданні творчым работнікам асаблівага статусу - напрыклад, па аналогіі з рамеснікамі.
Sputnik

МІНСК, 21 лют - Sputnik. Усе прэтэнзіі правяраючых і камунальнікаў да членаў Саюза дызайнераў наконт нямэтавага выкарыстання майстэрняў ануляваныя, паведамілі напярэдадні ў аб'яднанні.

У студзені бягучага года прадстаўнікі дзяржкантролю праверылі шэраг памяшканняў, якія ўдзельнікі саюза арандуюць на ільготных умовах. У выніку дзейнасць некаторых з іх палічылі камерцыйнай і пералічылі арэндную плату. Так, дызайнеру аксесуараў Максіму Карасю было загадана аплаціць дадаткова звыш 98 тысяч за ўвесь час карыстання майстэрні, а вядомаму мастаку Уладзіміру Цэслеру арэнду паднялі па паўтары тысячы долараў у месяц. Пасля рэзанансу, які ўзнік у СМІ, сітуацыяй зацікавіўся асабіста кіраўнік КДК Леанід Анфімаў і паабяцаў разабрацца ў пытанні.

Як распавялі ў саюзе, дызайнерам так і не ўдалося пераканаць ЖРЭА Маскоўскага раёна, што педагагічная дзейнасць Карася - таксама творчасць. Пры гэтым яго велізарны рахунак па арэндзе камунальнікі адклікалі, але запатрабавалі выплаціць штраф у памеры 780 рублёў за нямэтавае выкарыстанне памяшкання.

"У выніку мы вырашылі не марнаваць час на безвыніковыя спрэчкі і адмовіцца ад арэнды гэтай майстэрні", - паведамілі ў аб'яднанні.

Там таксама распавялі, што прыняла рашэнне больш не здымаць майстэрню і суседка Карася - дызайнер Юлія Цішкевіч, хоць да яе не было прэтэнзій.

"Пры прызначэнні штрафу ЖРЭА спасылалася на нейкія вусныя распараджэнні КДК, але на афіцыйныя пісьмовыя рэкамендацыі ЖРЭА рэагаваць не захацелася", - паскардзіліся ў саюзе.

Што далей

Па словах прадстаўнікоў аб'яднання, прэтэнзіі па астатніх майстэрнях былі ануляваныя, што, несумненна, з'яўляецца добрай навіной.

"Цяпер усе творчыя саюзы чакае сумесная праца з Мінкультам па ўнясенні ў Кодэкс аб культуры разгорнутага палажэнн\ аб творчых майстэрнях", - сказалі ў саюзе.

Чакаецца, што ў ім будзе выразна прапісана - што можа рабіць творчы работнік у майстэрні: тварыць, навучаць, запрашаць гасцей, памочнікаў, заказчыкаў і як законным чынам атрымліваць даходы ад сваёй дзейнасці.

У аб'яднанні ўдакладнілі, што, магчыма, будзе ўзнята пытанне аб наданні творчым работнікам асаблівага статусу - напрыклад, па аналогіі з рамеснікамі.