Бортніцтву ў Беларусі больш за тысячу гадоў. Гэты асаблівы від промыслу, заснаваны на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах, згадваецца нават у старажытных юрыдычных дакументах, як "Руская праўда" і статуты ВКЛ.
У Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, куды патрапіў карэспандэнт Sputnik Альфрэд Мікус, жыве каля 200 бортнікаў: мясцовыя жыхары разводзяць пчол згодна з традыцыяй, якой карысталіся іх дзяды і прадзяды. Сустракаецца гэтая традыцыя ў межах Петрыкаўскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага і Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці, у Столінскім і Пінскім раёнах, ёсць асобныя бортнікі ў Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях. У 2017 годзе лясное бортніцтва Палесся нават атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Унікальнасць бортніцтва заключаецца ў тым, што збіраючы мёд такім чынам чалавек практычна на ўмешваецца ў жыццё пчол. Такім чынам, гэты адзіны спосаб атрымаць 100% натуральны прадукт пчалярства, бо ў калодзе пчолы ствараюць свой мікракосм, дзе самастойна рэгулююць тэмпературу і ўтрыманне вуглякіслага газу. У працэсе атрымання такога мёду не выкарыстоўваюцца дабаўкі прамысловага парафіна для сотаў, цукар і лекі для пчол, атруты для кляшчоў.