Вожык-супергерой Спайкі стаў талісманам хакейнага чэмпіянату свету-2021

Майскі жук Хрушч перамог у галасаванні балельшчыкаў і атрымаў прыз глядацкіх сімпатый, але выніковы выбар упаў на варыянт, які блізкі і зразумелы шырокай аўдыторыі.
Sputnik

МІНСК, 24 лют - Sputnik. У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта прадставілі афіцыйны талісман чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Беларусі і Латвіі ў 2021 годзе.

Ім стаў вожык па мянушцы Спайкі - з англійскага яго можна перавесці як "калючы". На думку стваральнікаў, гэты персанаж найлепшым чынам адлюстроўвае сутнасць віду спорту, а таксама знаёмы жыхарам дзвюх краінаў, якія прымаюць чэмпіянат.

"Вожык - адна з самых распаўсюджаных жывёл у свеце. Акрамя таго, ён вельмі разумны і кемлівы, а хуткасці яго рэакцыі можа пазайздросціць кожны. І хай з выгляду герой зусім не вялікі, заўсёды ваюе да пераможнага канца, пускаючы ў ход не толькі іголкі, але і вострыя зубкі. Менавіта гэтым і славяцца хакейныя зборныя Беларусі і Латвіі - сваёй няўступлівасцю, гатоўнасцю біцца за перамогу да фінальнай сірэны", - гаворыцца ў тлумачэнні арганізатараў.

У комплексным галасаванні Спайкі апярэдзіў янотаў Гуляку і Рымі, а таксама яшчэ аднаго вожыка, прапанаванага латвійскім бокам. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся пераможцу галасавання балельшчыкаў - жуку Хрушчу.

Вожык-супергерой Спайкі стаў талісманам хакейнага чэмпіянату свету-2021

На першым этапе выбару талісмана арганізатары адабралі больш за 100 заявак ад дызайнераў і простых аматараў хакея з Беларусі і Латвіі. Па выніках першаснага адбору заўзятарам на выбар было прадстаўлена 30 работ, пасля чаго лепшыя з іх ацэньвала экспертная камісія дзвюх краін.

З беларускага боку ў яе ўвайшлі трэнер мінскага "Дынама" Міхаіл Грабоўскі, чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава, комік Андрэй Скараход, саліст групы БИ2 Шура, чэмпіён UFC Андрэй Арлоўскі, алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Ганна Гуськова, генеральны дырэктар "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі і старшыня федэрацыі хакея Беларусі Генадзь Савілаў.

Нагадаем, 85-ы чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Беларусі і Латвіі з 7 па 23 мая 2021 года. Матчы турніру пройдуць у Мінску і Рызе. Абедзве краіны будуць гаспадынямі чэмпіянату свету ў другі раз: Латвія ўжо прымала першынство ў 2006 годзе, а Беларусь - у 2014-м. За права правесці турнір ў 2021 годзе сумесная беларуска-латвійская заяўка абыйшла Фінляндыю.