Сотні абаронцаў Айчыны бегалі ў цэнтры Мінска з аголеным торсам - гэта галоўная ўмова ўдзелу ў забегу сапраўдных мужчын, які па традыцыі 23 лютага арганізавала Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі. Моцны вецер нікога не збянтэжыў, барацьба выдалася па-сапраўднаму гарачай.
Выклік надвор'ю і самім сабе кінулі сотні чалавек. Дыстанцыю ў адзін і тры кіламетры ўдзельнікі выбіралі самі. Неабходныя атрыбуты забегу - зімовая шапачка і цёплыя рукавіцы. Пры гэтым трэба было выконваць рэгламент і рэкамендацыі спаборніцтваў.
Хтосьці з удзельнікаў забегу бег са сцягам, хтосьці - у даспехах з 300-кілаграмовай ладдзёй.
"У мінулым годзе мы беглі ў даспехах, таксама ў шлемах, са шчытамі і з цацачным канём. У гэтым годзе вырашылі, што зноў з канём бегчы нецікава, вырашылі бегчы з ладдзёй. 12 чалавек неслі, і спераду адзін граў на барабане", - распавёў удзельнік забегу Яўген Сергейчук.
Фіксаваўся вынік толькі першых трох удзельнікаў, але для большасці фінішны час не важны, галоўнае - удзел і сам фініш. Узнагарода за смеласць - медалі ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, а прыемнае дапаўненне да іх - увага і падтрымка прыгожых дам.