Мінскае "Дынама" накіруе на дабрачыннасць выручку з апошняй гульні

Грошы пойдуць на лекі маленькім Сафіі, Дашы і Мілане, якія пакутуюць на СЦА; прэпарат каштуе больш за два мільёны долараў.
Sputnik

МІНСК, 26 лют - Sputnik. Хакейны клуб "Дынама-Мінск" накіруе на дабрачыннасць выручку ад продажу квіткоў на апошні матч у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ, паведамілі ў прэс-службе "зуброў".

Заўтра, 27 лютага, на "Мінск-Арэне" "бела-сінія" правядуць заключны матч сезона-2019/20 - у гасцях маскоўскае "Дынама".

"Упершыню ў гісторыі клуба ўся выручка ад продажу квіткоў на гэтую гульню будзе накіравана на дабрачыннасць. Атрыманыя грошы перададуць у фонд "Сэрца анёла" на дапамогу тром дзяўчынкам, якія хворыя на рэдкае генетычнае захворванне - спінальную цягліцавую атрафію (СЦА-1)", - распавялі у клубе.

"Купляйце білеты, прыходзьце на матч закрыцця сезона і дарыце цуды!" - заклікалі заўзятараў у мінскім "Дынама".

"Дынамаўскае" дэрбі пачнецца ў чацвер у 19:10 (па мінскім часе).