МІНСК, 27 лют - Sputnik. Вярхоўны суд Беларусі распрацоўвае праект адзінага працэсуальнага кодэкса, які рэгулюе судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах.
У Мінску ў рамках супрацоўніцтва з БДІПЧ АБСЕ праходзіць маштабная міжнародная канферэнцыя, прысвечаная пытанням фарміравання адзінага працэсуальнага кодэкса. У форуме прымаюць удзел дырэктар БДІПЧ АБСЕ Інгіб'ерг Сольрун Гісладацір, прадстаўнікі Савета Еўропы, замежныя эксперты ў галіне права. З беларускага боку - старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.
"Адзіны працэсуальны кодэкс стане найбольш эфектыўным спосабам уніфікацыі грамадзянскага працэсуальнага i гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства", - заявіў журналістам першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч.
Паводле яго слоў, нягледзячы на адзінства існуючай у краіне судовай сістэмы, судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах рэгулюецца істотна адрознымі працэсуальнымі кодэксамі і ёсць досыць вялікая колькасць адрозненняў. Адзіны працэсуальны кодэкс будзе сфарміраваны ў мэтах ліквідаваць гэтыя адрозненні. Гэта закране працэсуальную тэрміналогію, прынцыпф судаводства, склад ўдзельнікаў працэсу, правілы даказвання і вылічэння працэсуальных тэрмінаў, іншыя аспекты.
Плануецца, што адзіны працэсуальны кодэкс стане найбольш эфектыўным спосабам уніфікацыі грамадзянскага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства, адзначыў Калінковіч. У сувязі з гэтым ён растлумачыў, што ў адзіным кодэксе будуць прадстаўлены ўсе працэсуальныя нормы, гэта дазволіць звесці да мінімуму рызыкі юрыдычных калізій пры разглядзе грамадзянскіх і эканамічных спраў.
Калінковіч упэўнены, што новы адзіны працэсуальны кодэкс будзе "якасным, жыццяздольным, зразумелым для суддзяў і грамадзян", акрамя гэтага ён будзе адпавядаць і сусветным стандартам, і нацыянальным інтарэсам.