Права на прафесійную рызыку хочуць замацаваць у законе аб ахове здароўя

Страхаванне рызыкі прафесійнай адказнасці медыкаў дасць магчымасць не толькі абараніць саміх работнікаў, але і забяспечыць выкананне законных правоў пацыента.
Sputnik

МІНСК, 4 сак - Sputnik. Права на прафесійную рызыку плануецца замацаваць у новай рэдакцыі закона аб ахове здароўя, пра гэта паведаміў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.

Папраўкі ў закон аб ахове здароўя разглядаліся на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы ў сераду.

"У закон уносіцца права на прафесійную рызыку. Мы разумеем, што нават выкананне маніпуляцыі з захаваннем усіх тэхнічных падыходаў, усіх методык можа прывесці не да таго выніку, на які разлічваюць медработнік і пацыент. Гэта не з'яўляецца віной медработніка, гэта асаблівасці цячэння захворвання. Мы павінны ўнесці права на прафесійную рызыку, таму што ніхто з медработнікаў ад гэтага не застрахаваны", - сказаў Каранік, яго цытуе БелТА.

Таму, лічыць міністр, важна страхаванне рызыкі прафесійнай адказнасці медыкаў: такі механізм дасць магчымасць не толькі абараніць медработніка, але і забяспечыць выкананне законных правоў пацыента і кампенсацыю ў тым выпадку, калі пры нейкай працэдуры ўсё ж развіліся ўскладненні, якія прывялі да пакут пацыента або неабходнасці дадатковага лячэння.

Нагадаем, змены ў закон аб ахове здароўя плануецца разгледзець у першым чытанні на вясновай сесіі.