МІНСК, 8 сак - Sputnik. Першага пацыента, у якога быў дыягнаставаны каронавірус новага тыпу, вылячылі ў Беларусі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя ў суботу.
"З радасцю паведамляем, што ў студэнта з Ірана атрыманы першы адмоўны вынік на наяўнасць РНК каронавіруса", - распавялі ў міністэрстве.
Пры гэтым у ведамстве нагадалі, што менавіта гэты малады чалавек стаў першым у Беларусі пацыентам, у якога выявілі небяспечнае захворванне. У цяперашні час студэнт з Ірана адчувае сябе добра.
У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, што па сусветных стандартах лячэння каронавіруснай інфекцыі пацыентаў можна выпісваць пасля 14 дзён з моманту ўстанаўлення дыягназу і пасля двух адмоўных лабараторных тэстаў.
"Выпіска пацыента запланаваная на канец наступнага тыдня. Так што навучанне ў беларускім універсітэце гэты студэнт пачне трохі пазней за сваіх аднакурснікаў", - дадалі ў прэс-службе.
Такія ж правілы дзейнічаюць у дачыненні да аднагрупнікаў і педагогаў БНТУ, якія кантактавалі з іранцам. У цяперашні час за імі працягваюць назіраць медыкі.
"Усе яны адчуваюць сябе здавальняюча, клінічных і лабараторных прыкмет інфекцыі не выяўлена. Яны змогуць прыступіць да заняткаў і працы па заканчэнні 14-дзённых каранцінных мерапрыемстваў. Усе кантакты "першага ўзроўню" таксама працягнуць знаходзіцца ў бальніцы да канца тэрміну карантыну", - падкрэслілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
У дадзены момант у Беларусі ёсць шэсць пацыентаў з пацверджаным дыягназам COVID-19. Яны нармальна сябе адчуваюць і прыкмет захворвання ў іх няма.
Беларускія медыкі працягваюць рэгулярнае клінічнае і лабараторнае абследаванне дадзеных грамадзян. Пасля двухтыднёвага карантыну і двух адмоўных вынікаў тэсціравання яны таксама могуць быць выпісаныя.