Беларусь не плануе забараняць экспарт сродкаў дэзінфекцыі

Разам з тым, плануецца ўвесці парадак узгаднення, каб гэта было не ў шкоду функцыянаванню нашай сістэмы.
Sputnik

МІНСК, 9 сак - Sputnik. Экспарт сродкаў дэзінфекцыі ў Беларусі забараняць не плануецца, пра гэта міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік паведаміў журналістам у панядзелак.

Сезонны ўздым ВРІ назіраецца ў Беларусі

"Мы не плануем забараняць пастаўкі на экспарт нашай прадукцыі, адзінае - будзем уводзіць парадак узгаднення, каб гэта было не ў шкоду функцыянаванню нашай сістэмы", - сказаў Каранік.

Па словах міністра аховы здароўя, калі з'явіцца неабходнасць стварыць уласныя запасы, экспарт часова прыпыняць. У іншым жа выпадку "мы не будзем перашкаджаць прамысловасці працаваць у звычайным рэжыме". Ён паведаміў таксама, што па сродках дэзінфекцыі Беларусь з'яўляецца чыстым экспарцёрам.

"Мы вырабляем значна больш, чым патрабуецца для ўнутранага спажывання, пастаўляем гэтую прадукцыю на экспарт. Таму абмежаванне на пастаўкі сродкаў дэзінфекцыі па вялікім рахунку ніякім чынам не паўплывае на функцыянаванне нашай сістэмы. У нас створаны запасы на тэрмін ад чатырох да 11 месяцаў нават у выпадку адсутнасці вытворчасці", - запэўніў Каранік.

Ён дадаў, што ў той жа час у краіне ёсць некалькі буйных кампаній, якія займаюцца вытворчасцю такіх рэчываў дэзінфекцыі, так што ніякіх рызык у Міністэрстве аховы здароўя Беларусі не бачаць.

Нагадаем, раней у некаторых краінах заявілі аб тым, што маюць намер забараніць экспарт медыцынскіх масак, а таксама рэчываў дэзінфекцыі з-за распаўсюджвання COVID-2019.