"Дзіцячая аўдыторыя - заўсёды самая складаная, і захапіць увагу дзяцей - гэта высокая планка, да якой паспрабуй-дапрыгні, але з іншага боку ёсць такая ўнутрыпастановачная зацікаўленасць як у мяне, так і ў мастака, мы самі акунаемся ў дзяцінства і гэта прыносіць задавальненне" , - распавядае госця радыё Sputnik Беларусь, малады рэжысёр-пастаноўшчык тэатра Дар'я Патутурка.
Пры гэтым рэжысёр не перажывае над пытаннем спалучальнасці опернага жанра і маленькіх дзяйцей у якасці асноўнай аўдыторыі гледачоў.
"Музыка Паўла Вальдгардта - яна даволі простая. Шмат выкарыстоўваецца мелодый, якія на слыху. І мы дадаем ва ўсю гэтую гісторыю анімацыю і злучаем з гутарковымі сцэнамі. Мне здаецца, дадзены спектакль як раз наадварот павінен прыцягнуць увагу дзіцячай аўдыторыі, таму што тут ідзе сумесь жанраў і сінтэз рознапланавых культур", - распавядае Дар'я.
Акрамя таго, у некаторыя фрагменты пастаноўкі закладваецца і дадатковы сэнс для дарослай аўдыторыі, праўда, пра яго рэжысёр падрабязней не расказвае, кажа: "Дачакайцеся прэм'еры".
"Гэта больш адносіны. Так як у нас ёсць сямейныя пары - Казёл і Каза, Певень і Курыца, вось гэта адносіны паміж сямейнымі людзьмі", - намякае Дар'я.
Цяпер кіраўніцтва Вялікага тэатра накіраванае на тое, каб у рэпертуары з'явілася як мага больш дзіцячых спектакляў. У наступным годзе ідзе яшчэ адна пастаноўка дзіцячай оперы, пакуль жа ў Вялікім з цікавасцю чакаюць глядацкіх водгукаў на дзіцячую оперу "Коткін дом".
Таксама ў размове - якім арыгінальным спосабам у опернай пастаноўцы выкарыстоўваюцца лялькі, якія ідэі падказваюць рэжысёру выканаўцы галоўных роляў, карысныя ці школьныя культпаходы ў оперу для малодшакласнікаў і як вырашыць праблему гаджэтаў у тэатры. Падрабязнасці - у відэатрансляцыі.