Забарона на лоўлю рыбы пачне дзейнічаць раней з-за цёплага надвор'я ў Беларусі

Тэрміны агульнай вясновай забароны перасякаюцца з нерастовымі забаронамі, усталяванымі асобна на некаторыя віды рыбы - шчупака, судака, сома.
Sputnik

МІНСК, 11 сак - Sputnik. Забарона на лоўлю рыбы ўводзіцца з 12 сакавіка ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, крыху пазней яна пачне дзейнічаць і ў астатніх абласцях рэспублікі, паведамілі ў аўторак у Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі.

Перанос тэрмінаў вясновых забарон на лоўлю рыбы звязаны з анамальна цёплым надвор'ем і раннім нерастам. Новыя тэрміны ўстаноўлены пастановай Мінпрыроды №2 ад 4 сакавiка 2020 года, у сярэднім яны ссунутыя на 8-10 дзён.

Так, забароны пачнуць дзейнічаць:

  • у Брэсцкай і Гомельскай абласцях - з 12 сакавіка па 18 мая,
  • у Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях - з 22 сакавіка па 30 мая,
  • у Віцебскай вобласці - з 31 сакавіка па 8 чэрвеня.

У інспекцыі растлумачылі, што падчас нерастовай забароны аматарскае рыбалоўства цалкам не забаронена, але істотна абмежавана.

"Вудзіць рыбу можна толькі адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, аснашчаным штучнай прынадай, з адным адзінарным або падвойным, або трайным кручком у светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду) альбо з лёду, з штучных збудаванняў (акрамя пералічаных у абз. 7 падп. 109.3 Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства)", - адзначылі ў інспекцыі.

Іншыя прылады і сродкі лоўлі будуць кваліфікавацца як парушэнне і пацягнуць накладанне штрафу. "За вылаўленую забароненым спосабам або прыладай рыбу парушальнік абавязаны пакрыць шкоду, якая ў перыяд нераставай забароны вылічваецца па патройных таксах. Прычыненне шкоды на суму ад 100 базавых велічынь (2700 рублёў) з'яўляецца падставай для распачынання крымінальнай справы", - падкрэсліваецца ў паведамленні.

На працягу ўсяго перыяду забароны рыбакі не могуць карыстацца маламернымі судамі - не толькі для рыбалоўства, але і для іншых мэтаў. Тэрміны агульнай вясновай забароны перасякаюцца з нерастовымі забаронамі, усталяванымі асобна на некаторыя віды рыбы - шчупака, судака, сома. Такую рыбу, злоўленую ў перыяд "персанальнай" забароны, неабходна адпусціць назад у вадаём.