СААЗ аб'явіла пандэмію новага каронавіруса ў свеце

На 11 сакавіка агульная колькасць заражэнняў новым каронавірусам у свеце склала 118 тысяч чалавек у 114 краінах свету.
Sputnik

МІНСК, 12 сак - Sputnik. Распаўсюджванне новага каронавіруса ў свеце набыло характар пандэміі, паведаміў напярэдадні на брыфінгу ў Жэневе гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Аданом Гебрэісус.

Мінадукацыі: школы з-за каронавіруса пакуль зачыняць не плануецца

"У бліжэйшыя дні і тыдні мы чакаем, што колькасць выпадкаў, смерцяў і колькасць закранутых краін павялічыцца... Мы прыйшлі да ацэнкі таго, што COVID19 можа быць ахарактарызаваная як пандэмія", - сказаў ён у сераду.

Пандэміяй называюць незвычайна моцную эпідэмію, якая характарызуецца распаўсюджваннем інфекцыйнага захворвання на ўсёй тэрыторыі краіны, тэрыторыю сумежных дзяржаў, а часам і многіх краін свету.

На 11 сакавіка агульная колькасць заражэнняў новым каронавірусам у свеце склала 118 тысяч чалавек у 114 краінах свету.

У канцы снежня 2019 года ўлады Кітая паведамілі СААЗ пра ўспышку невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань у цэнтральнай частцы краіны (правінцыя Хубэй). Спецыялісты ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы - гэта новы каронавірус. СААЗ прызнала ўспышку надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага значэння і дала захворванню афіцыйную назву - COVID-19.

Якая сітуацыя ў Беларусі і Расіі?

Паводле апошніх дадзеных, у Беларусі афіцыйна пацверджана 12 выпадкаў заражэння каронавірусам, большасць з іх прыпадаюць на Мінск. Хворыя таксама выяўлены ў Віцебску, Гомелі і Гродне. Трое хворых ужо паправіліся і рыхтуюцца да выпіскі.

Стан усіх пацыентаў добры, сур'ёзных праяваў інфекцыі ў іх няма.

У Расіі за апошнія суткі было зафіксавана восем новых выпадкаў заражэння - шэсць хворых у Маскве, два - у Маскоўскай вобласці. Усе грамадзяне наведвалі Італію ў апошнія два тыдні. На сённяшні дзень у Расіі зарэгістравана 28 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, з іх 25 - у грамадзян Расіі, якія вярнуліся з Італіі, 2 - у грамадзян КНР, 1 - у грамадзяніна Італіі.