Саракі на парозе: прыкметы і традыцыі вясновага свята

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра прыкметы і народныя традыцыі Дня сарака пакутнікаў Севасцейскіх.
Sputnik
На Паазер'і існаваў цудоўны звычай, калі дзеці босымі з печывам у форме розных птушак выбягалі на праталіны, слухалі жаўрукоў і крычалі: "Сорак мучанікаў прылятаець, сорак мучанікаў прылятаець"!
Інфаграфіка
Як змайстраваць шпакоўню сваімі рукамі
22 сакавіка святкуюць прысвятак Саракі — Дзень сарака пакутнікаў Севасцейскіх, якія пакутвалі ў Севасційскім возеры. Драматычная гісторыя распавядае пра воінаў, якія адмовіліся прынесці ахвяру ідалам пад час праўлення імператара Лікінія. За непаслушэнства іх пад аховай пакінулі на ноч на лёдзе Севасційскага возера, якое знаходзіцца ў Арменіі. Пакутуючых ад холада людзей спакушалі тым, што на беразе была растоплена лазня. Адзін з сарака воінаў не вытрымаў, пабег да лазні, але памёр на парозе. Тады адзін з вартаўнікоў, уражаны мужнасцю і верай астатніх пакутнікаў, далучыўся да іх.

На Саракі ўсяго па сорак: гульняў, варожбаў, прыкметаў

Каму калісьці прыйшло ў галаву спалучыць дзень памяці сарака пакутнікаў з прылётам птушак, цяпер не дазнацца. Народ жа як заўсёды ўдала спалучыў у сваёй свядомасці святкаванне веснавага раўнадзенства з падзеямі хрысціянскай гісторыі.
Жаўрук чымсьці падобны да гэтых герояў. Па народных уяўленнях, душы людзей-пакутнікаў пераўтварыліся ў жаўрукоў. Самі ж воіны сталі апекунамі земляробства. Маленькая квёлая птушка прылятае з выраю ў наш край, калі яшчэ вельмі холадна. Часам на палетках ляжыць снег. Але цэлы дзень яна спявае песню сонейку, а ў начным змроку мерзне на скаванай марозам чорнай зямлі. Пакутніца!
З цягам часу нават абрадавае печыва ў выглядзе птушак пачалі называць "мучанікамі".
Уяўленне аб тым, што на Саракі прылятае  сорак  "птушак-пакутнікаў", пасля чаго надыходзіць вясна, распаўсюджана амаль па ўсёй Беларусі і асабліва на яе поўначы. У Полацкім раёне старыя людзі сцвярджаюць: "Кажуць: сорак птушак прыляціць — сорак мучанікаў".
Свята практычна прыпадае на веснавае раўнадзенства, калі дзень і ноч бываюць роўныя па часе. У народзе пра тое так і казалі: "На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца".

Народны метэапрагноз

Лічаць, якое надвор'е было на Саракі — такое застанецца на 40 наступных дзён. Асабліва назіралі за надвор'ем да 12 гадзін. Лічылі, што калі будзе пахмурна, то вясна будзе ранняя, калі сонца, то наадварот.
Раўнадзенства заўсёды чароўны час! Гэта перыяд, калі ўсё аднаўляецца ў прыродзе, абуджаецца ад сну, адраджаецца наноў. Асабліва ў гэты дзень нікому не можна жадаць злога.
Згодна павер'ям у гэты час сарока пачынае віць сабе гняздо і прыносіць для гэтага 40 пруцікаў. Але чакалі яшчэ 40 маразоў і ўсё ж верылі, што нібыта тады прылятае 40 жаўрукоў. Гаспадыні выпякалі з цеста 40 жаўрукоў, 40 маленькіх піражкоў, галушак, лапуноў і іншыя стравы. Печаныя фігуркі птушак раздавалі дзецям, сваякам, суседзям. Было прынята падкідаць іх у гару, сочачы за тым, каб "птушачка" падлятала як найвышэй. Так варажылі на здароў'е. Чым вышэй птушка падляціць, тым здаравейшы будзеш напрацягу года. У Лёзненскім раёне старыя людзі казалі: "Нада первую птушку есць на Саракі, тады будзеш так шыбка хадзіць, як птушка лятаець".
Крошкі ад печыва гаспадыні сыпалі хатняй птушцы, каб добра несліся, не хварэлі, вяліся.
Для вясковых дзяцей яйкі заўсёды былі ласункам, паколькі іх лішкі гаспадыні часта прадавалі на кірмашы, каб папоўніць сямейны бюджэт. Таму хлопчыкі часта адпраўляліся шукаць яйкі ў лес і поле. На Саракі яны павінны былі ўстаць да ўсходу сонца і закрыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высыпаць іх пад печ. Хто выканае гэта, той вясною знойдзе 40 птушыных гнёздаў.
Каб быць паспяховым на рыбалцы, трэба было зрабіць тое самае, толькі трэскі пакласці ў рыбалоўную снасць "ват", якая нагадвае сеткавы мяшок, прымацаваны да квадратнай рамы, і добра іх патрэсці. Казалі: "Будзець рыба сільна лавіцца ў гэтую ватку"!
На пачатку XX стагоддзя этнограф Дабравольскі запісаў у Ельнінскім павеце цікавую дзіцячую гульню. Дзеці, выконваючы пахаванне "трункі" з насякомым, спявалі: "Жылі не сяляне, памерлі не радзіцелі". Ці не праўда арыгінальны спосаб пазбавіцца ад шкодных насякомых!
Дзяўчыны спяваюць народныя песні на "Гуканне вясны"
Каб добра рос лён, малыя і дарослыя гушкаліся на арэлях. На Саракі працягваюць Гукаць вясну. Дзяўчаты шукалі высокае месца і, сабраўшыся разам, гукалі, прызывалі вясну словамі, прамаўлялі вяснянкі: "Агууу, вясна, агууу, красна! Што ты нам прынясла?.." Гэта "агууу" ляцела далёка і, часам было чуваць у суседняй вёсцы. А адтуль таксама можна было пачуць той жа адказ. Калі горак не было, спеўнай пляцоўкай станавілася страха адрыны, хлева ці звычайны плот або азярод (прыстасаванне для сушкі сена, снапоў). А яшчэ дзяўчаты варажылі на замужжа. Яны складалі печаных жаўрукоў у рэшата, рэшата кружылі і прыгаворвалі: "Рэшата, рэшата, кружыся ка мне. Калі я замуж пайду, у мяне будзе многа дзетак, я буду багатая…"
Ці вось яшчэ адзін спосаб паваражыць на лёс. Пры выпяканні булачак у сырое цеста ўкладалі:
пярсцёнак — да вяселля;
цвік — да журбы;
манету — да дабрабыту;
ключ — да новай хаты;
пацерку — цяжарнасць;
гузік — да новай вопраткі;
завушніцу — знойдзеш суджанага.
Калі надыходзіў вечар, кожны браў па булачцы і па знойдзенаму прадмету.
На Паазер'і ў некаторых мясцовасцях існаваў добры на мой погляд звычай, калі на Саракі запрашалі ў госці суседзяў "на камы". "Суседзі прыходзілі, а хазяін ужэ строіў стол… Хазяін кажа: "Спасіба, што прышлі на нашы камы". Калі хтосьці прыходзіў, гэта была вялікая радасць.
Бульбяныя клёцкі
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
Абабраную бульбу натаркаваць, добра адціснуць у палатняным мяшэчку, пасаліць, сфармаваць маленькія шарыкі крыху болей за арэх і акуратна пакласці ў падсолены кіпень. Сачыце, каб не разварыліся. Але і гэта не страшна, у вас тады атрымаецца суп-церцюха.
Гатовыя клёцкі можна паліць алеем з падсмажанай цыбуляй, а можна нават падсмажыць свае клёцачкі.