Беларусы перавялі Мінздароўя больш за 500 тысяч рублёў на барацьбу з COVID-19

Размяркоўваць сродкі будзе спецыяльная камісія міністэрства, прычым адбывацца гэта будзе ў прамым эфіры.
Sputnik

МІНСК, 27 сак - Sputnik. Больш за 500 тысяч рублёў прыйшло на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя па дадзеных на раніцу пятніцы, паведаміла журналістам намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Колькасць заражаных каронавірусам у Беларусі наблізілася да сотні

Міністэрства аховы здароўя адкрыла дабрачынны рахунак для ахвочых дапамагчы сістэме ў барацьбе з каронавірусам COVID-19 на гэтым тыдні.

"На 9 гадзін раніцы на рахунку было 551 тысяча 949 рублёў 37 капеек, на валютным - 16122,47 еўра", - паведаміла Богдан.

Як дадала намеснік міністра аховы здароўя, у ведамстве створана рабочая група, якая будзе размяркоўваць сродкі ў прамым эфіры. У першую чаргу, па яе словах, гэта будуць запасы ахоўнага адзення для медыкаў, запас тэст-сістэм і лекаў.

Богдан таксама патлумачыла, што рашэнне адкрыць рахунак было прынята Міністэрствам аховы здароўя пасля звароту бізнесменаў і рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій з пытаннямі аб тым, як можна дапамагчы ў фінансаванні барацьбы з каронавірусам.

Нагадаем, некаторыя кампаніі вырашылі яшчэ да адкрыцця рахунку перавесці сродкі мінскай інфекцыйнай бальніцы.

Прамую трансляцыю брыфінгу Міністэрства аховы здароўя глядзіце на Sputnik.