МІНСК, 27 сак - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі падчас наведвання ААТ "Белгіпс" даручыў перагледзець нарматыўную базу ў будаўніцтве і перайсці да еўрапейскіх стандартаў.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён яшчэ дзесяць гадоў таму прасіў адмовіцца ад лішкаў, а таксама надмернасці ў нарміраванні будаўнічай галіны.
"У нас замест лёгкіх канструкцый - бэлькі, жалезабетон. Пустатой займаліся, трацілі велізарныя грошы", - прызнаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён лічыць, што эканомны падыход ужываўся пры будаўніцтве спарткомплексу "Мінск-Арэна". Таму пасля выбараў кіраўніка дзяржавы да гэтага пытання ўлады вернуцца яшчэ раз.
"Трэба разняволіць там, дзе трэба", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. Пасля чаго дадаў, што пры гэтым не павінны пацярпець пытанні забеспячэння бяспекі людзей.
"Трэба будаваць бяспечна. Але празмернасцяў быць не павінна. Гэта галоўнае", - цытуе прэзідэнта БелТА.