МІНСК, 30 сак - Sputnik. На 200 тысяч чалавек у суткі сталі менш наведваць сталічную падземку ў сакавіку, пра гэта паведаміў Sputnik прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна Андрэй Дроб.
Раней паведамлялася, што пасажырапаток упаў і ў метро, і ў наземным грамадскім транспарце сталіцы. Толькі за адзін тыдзень у сярэдзіне сакавіка штодзённая колькасць пасажыраў у падземцы знізілася на 115 тысяч, у аўтобусах, тралейбусах і трамваях - на 102 тысячы.
Па апошніх звестках, колькасць пасажыраў у метро скарацілася яшчэ.
"У параўнанні з лютым, у сакавіку штодзённы пасажырапаток ў Мінскім метрапалітэне знізіўся прыблізна на 200 тысяч чалавек. Гэта значыць каля 200 тысяч чалавек сталі менш наведваць метро за суткі", - распавёў Дроб.
Ён адзначыў, што звычайна пасажырапаток складае каля 800 тысяч чалавек штодня.
"Атрымліваецца, колькасць людзей знізілася на чвэрць", - канстатаваў прадстаўнік метрапалітэна.
Відавочна, што мінчане сталі радзей ездзіць на грамадскім транспарце, каб дадаткова засцерагчы сябе ад заражэння каронавірусам. Частка людзей працуе выдалена, частка перасела на асабісты транспарт. Пры гэтым у мэтах прафілактыкі каронавіруса рухомы састаў цягнікоў метро, аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў кожны дзень праходзіць апрацоўку антысептыкамі.