Нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку працягнуць у красавіку атрымліваць сыравіну, якая набываецца з альтэрнатыўных крыніц.
Перад канцэрнам "Белнафтахім" стаіць задача як мінімум забяспечыць загрузку айчынных прадпрыемстваў напалову, а як максімум - дамовіцца наконт паставак па трубаправодзе "Дружба" з Расіі.
Хай будзе нафта
"Па расійскім кірунку працягваем перамовы. Танкерныя пастаўкі па паўночным і паўднёвым маршруце таксама будзем працягваць", - паведаміў прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.
Пасля чаго дадаў, што перад канцэрнам ёсць "задача забяспечыць (пастаўкі на НПЗ - Sputnik) двума мільёнамі тон нафты. Менш чым адзін мільён тон нафты нельга".
Пры гэтым прэс-сакратар удакладніў, што на красавік месяц ужо ёсць дамоўленасці аб пастаўках аднаго мільёна тон сыравіны, якая паступiць праз парты ў Адэсе і Клайпедзе. Па паўднёвым маршруце будзе ісці чорнае золата з Азербайджана, а па паўночным - набытае ў трэйдараў.
Як здзелку бачаць у Мінску
Тыдзень таму беларускі прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што Беларусь і Расія дамовіліся аб умовах пастаўкі чорнага золата на беларускія НПЗ.
Паводле яго слоў, прэмія ў цане на тону нафты складае 11,7 долара.
"Літаральна ў суботу мы дасягнулі дамоўленасці з расійскім урадам аб тым, што ўсе расійскі кампаніі змогуць пастаўляць нафту без прэміі", - нагадаў ён.
Сяргей Румас удакладніў, што "з гэтай прэміі 11,7 долара 7 долараў зніжаюць кампаніі, то бок кампаніі будуць пастаўляць з прэміяй 4,7 долара".
Пасля чаго дадаў, што гэтыя 4,7 долара будуць урэгуляваныя "міжбюджэтныім разлікамі - урад Расійскай Федэрацыі возьме гэтыя 4,7 долара на сябе".
Як дамаўляецца Масква
Міністэрства фінансаў Расіі пакуль не ўступае ў перамовы па пастаўках нафты ў Беларусь, паведаміў журналістам статс-сакратар, намеснік міністра фінансаў РФ Аляксей Сазанаў.
"Пакуль ідуць перамовы з Беларуссю Мінэнерга. Пакуль Мінэнерга не дамовіцца, мы не ўступаем у перамовы з боку Мінфіна. У першую чаргу Мінэнерга павінны аб аб'ёмах пастаўкі, аб тых, хто будзе пастаўляць нафту (дамовіцца - Sputnik)", - сказаў намеснік міністра фінансаў.
У сваю чаргу прадстаўнік кампаніі "Раснафта" распавёў журналістам, што аднаўленне паставак магчыма пры выплаце прэміі.
"Кампанія пацвярджае, што рашэнне аб аднаўленні паставак у Беларусь прынята менавіта на тых умовах, якія мы прапаноўвалі беларускаму боку, гэта значыць з прэміяй 5 долараў за тону", - сказаў прадстаўнік расейскай кампаніі, не ўдакладніўшы дэталі здзелкі.
Адкуль пойдзе нафта
У цяперашні час няма графіка паставак нафты па трубаправодзе "Дружба" на красавік, што пацвердзіў віцэ-прэзідэнт "Транснафты" Сяргей Андронаў.
"Пакуль няма, на стадыі планавання", - сказаў віцэ-прэзідэнт, адказваючы на пытанне, ці падпісаныя ўжо з якімі-небудзь кампаніямі кантракты на пастаўку нафты ў красавіку.
Па версіі Сяргея Румаса, Беларусь працягне выбіральна падыходзіць да пастаўшчыкоў чорнага золата на ўласныя НПЗ. У Мінску чакаюць лепшыя цэнавыя прапановы і адтэрміноўку па аплаце.
"Раснафта", як і іншыя кампаніі, не згаджалася пастаўляць нафту без прэміі. Яна настойвала на выплаце поўнай прэміі за нафту", - пацвердзіў кіраўнік Саўміна.
"Таму яшчэ далёка не факт, што "Раснафта" апынецца ў ліку пастаўшчыкоў нафты. У першую чаргу будзем аддаваць прыярытэт тым кампаніям, якія ў гэты складаны для нас час - першы квартал - пастаўлялі нафту на НПЗ без прэміі. Гэта кампаніі Гуцырыева, гэта невялікія кампаніі. Вось ім пры іншых роўных умовах будзе аддадзены безумоўны прыярытэт", - падсумаваў кіраўнік беларускага ўрада.