МІНСК, 6 кра - Sputnik. РУП "Белтэлекам" адзначае павышаны попыт на паслугі доступу ў інтэрнэт, тэлебачання і іншыя сэрвісы, паведамілі ў панядзелак у прэс-службе кампаніі.
На фоне сітуацыі з распаўсюдам каронавіруса многія выбіраюць прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыявання і самаізаляцыі. З-за гэтага дзяржаўны аператар сувязі фіксуе рост попыту на доступ у інтэрнэт і паслугі тэлебачання.
"Тэхнічныя спецыялісты фіксуюць рост нагрузкі на знешні шлюз у межах 10%, а таксама канстатуюць, што гадзіны найбольшай нагрузкі, якія раней, як правіла, прыпадалі на вячэрні час, трохі зрушыліся на дзённы", - паведамілі ў кампаніі.
Там запэўнілі, што праходзіць пастаянны маніторынг якасці працы сеткі, усе аб'екты функцыянуюць у штатным рэжыме, а паслугі аказваюцца ў поўным аб'ёме. Гатовыя ў "Белтэлекаме" і да павышанай нагрузкі.
У РУП падкрэслілі, што працуюць над тым, каб ва ўсіх быў бесперабойны доступ у сетку.
Нагадаем, "Белтэлекам" з'яўляецца нацыянальным органам сувязі і натуральным манапалістам: менавіта ад яго працы залежыць доступ у інтэрнэт усіх карыстальнікаў у краіне.