У Белгідрамеце распавялі аб радыяцыйнай абстаноўцы ў Беларусі

Украінскія пажарныя з 4 красавіка змагаюцца з агнём у зоне адчужэння недалёка ад Чарнобыльскай АЭС: адзін ачаг ліквідаваны, тушэнне яшчэ аднаго пажару працягваецца.
Sputnik

МІНСК, 7 кра - Sputnik. Перавышэнняў радыяцыйных паказчыкаў над шматгадовымі значэннямі - на фоне навін пра пажары на тэрыторыі ўкраінскай зоны адчужэння - у Беларусі не зафіксавана, паведаміў Sputnik начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу ДУ "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" Міхаіл Каваленка.

Два ачага пажару ва ўкраінскай зоне адчужэння ўзніклі ў выхадныя: у суботу загарэўся лес каля вёскі Уладзіміраўка (плошча узгарання 20 га), у нядзелю - каля вёскі Рагоўка (5 га). Напярэдадні пажар у Рагоўцы ўдалося ліквідаваць, плошча пажару ва Уладзіміраўцы, дзе ратавальнікі для барацьбы з агнём выкарыстоўвалі авіяцыю, да раніцы аўторка атрымалася скараціць амаль удвая - да 10,5 га. Украінскія ратавальнікі працягваюць працу і кажуць, што сітуацыя пад кантролем, радыяцыйны фон у Кіеве і вобласці знаходзіцца ў межах нормы і не перавышае натуральных фонавых значэнняў.

"У нас дастаткова развітая сетка радыяцыйнага маніторынгу. Калі казаць па паветраным забруджванні, то на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і населеных пунктаў побач з ПДРЭЗ ёсць аўтаматычная сістэма кантролю і вялікая сетка стацыянарных пунктаў. Дык вось, па дадзеных як стацыянарных пунктаў, так і па дадзеных аўтаматычнай сістэмы, якая кожныя 10 хвілін падае нам дадзеныя аб велічыні дозы, нейкіх перавышэнняў не зафіксавана", - сказаў Каваленка.

Паводле яго слоў, падчас пажараў у зоне адчужэння існуе верагоднасць другаснага ветравога ўздыму і пераносу радыенуклідаў, але ў гэтыя дні была спрыяльная для Беларусі метэаралагічная абстаноўка, дзьмуў вецер, то бок паветраныя масы рухаліся ўздоўж мяжы.

"Таму вялікай небяспекі для тэрыторыі Беларусі гэты пажар не прадстаўляў", - падкрэсліў начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідраметцэнтра.

Спецыяліст нагадаў пра сітуацыю 2015 года, калі ва ўкраінскай зоне адчужэння гарэла каля 700 га лесу, і жыхары памежных беларускіх вёсак адчувалі пах дыму. Але нават у той сітуацыі беларуская сістэма кантролю не ўлавіла перавышэнняў ўзроўню радыяцыі.

"Нашы ўстаноўкі прапампоўваюць сотні-тысячы кубаметраў паветра ў суткі, атрымліваецца значная канцэнтрацыя пробы паветра. І нават у гэтай канцэнтраванай пробе мы не зафіксавалі тады нейкіх зменаў", - распавёў Каваленка.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе ў МАГАТЭ абмяркоўвалася сітуацыя з пажарамі ў чарнобыльскай зоне. Украінскія спецыялісты падалі дадзеныя па пажарах 2015 года - як мадэльныя, так і фактычныя. Паводле гэтых дадзеных выходзіла, што значнага пераносу радыенуклідаў не адбываецца.

"Ідзе канцэнтрацыя ў глебе за кошт таго, што згарае верхні пласт, але вялікай небяспекі для насельніцтва няма. І яшчэ раз: у дадзеным выпадку, датычна цяперашніх пажараў, метэаралагічная сітуацыя была спрыяльная для нас", - падкрэсліў спецыяліст Белгідрамета.