Ад 5 тыс да 30 млн рублёў: стала вядома, хто папоўніць фонд нацразвіцця

Фонд нацыянальнага развіцця стварае базу для фінансавання сацыяльных і эканамічных праектаў і праграм дзяржавы.
Sputnik

МІНСК, 10 кра - Sputnik. Урад вызначыў, якія высокарэнтабельныя прадпрыемствы павінны пералічыць частку свайго прыбытку за мінулы год у фонд нацыянальнага развіцця, адпаведная пастанова Саўміна апублікавана ў пятніцу.

Фонд нацыянальнага развіцця існуе ў Беларусі з 2005 года: у яго "скідваюцца" высокарэнтабельныя арганізацыі, а сродкі потым ідуць на рэалізацыю дзяржпраектаў і праграм.

Сваёй пастановай ад 8 красавіка 2020 г. №209 Саўмін вызначыў пералік прадпрыемстваў і памеры іх узносаў у фонд. Пералічыць сродкі арганізацыі павінны роўнымі долямі з красавіка па верасень.

Мінімальны перавод чакаецца ад "Бел НДЦ "Экалогія" - усяго пяць тысяч рублёў. Максімальны - ад гродзенскай тытунёвай фабрыкі "Нёман" - крыху больш за 30 мільёнаў рублёў.

Цікава, што ў мінулым годзе ўдзел фабрыкі "Нёман" быў менш у шэсць разоў, а лідарам па аб'ёме пераводу ў фонд была "Гомельтранснафта Дружба". У гэтым годзе ад аператара нафтаправода ў фонд пераводаў не чакаецца зусім.

Сярод іншых плацельшчыкаў у фонд - Беларуськалій, Мінскі завод пеністых вінаў, 558 Авіяцыйны рамонтны завод, Беларуская ўніверсальная таварная біржа і шэраг іншых арганізацый, уключаючы нават газету "Медыцынскі веснік".

Агульны аб'ём пералічэнняў, якія павінны здзейсніць арганізацыі ў фонд нацразвіцця ў гэтым годзе, перавышае 50 мільёнаў рублёў.