Лукашэнка: ільготы павінны стымуляваць насельніцтва спажываць электраэнергію

Прэзідэнт нагадаў: калі ў строй увядуць БелАЭС, з'явяцца дадатковыя аб'ёмы электраэнергіі і рэспубліка будзе менш залежыць ад прыроднага газу, які цяпер закупляе ў Расіі.
Sputnik

МІНСК, 10 кра - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба прастымуляваць насельніцтва спажываць больш электраэнергіі ў жылых дамах, пра гэта ён заявіў у пятніцу ў ходзе абмеркавання праекта ўказа "Аб кампенсацыi расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду", паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што дадатковыя аб'ёмы электраэнергіі з'явяцца ў рэспубліцы, калі запусцяць БелАЭС.

З будоўлі БелАЭС шпіталізавана ўжо 100 чалавек з-за COVID-19

"Як я часта казаў, нам трэба больш спажываць электраэнергіі, таму што ў нас яе будзе нават з лішкам (калі як цяпер будзем выкарыстоўваць цяперашнія магутнасці, плюс дададуцца). Гэта чыстая энергія. Сёння трэнд у свеце наогул - пераход на чыстую энергію. І мы менш будзем залежаць ужо ад прыроднага газу. Дзесьці на пяць мільярдаў кубічных метраў менш будзем спажываць, па нашых разліках", - растлумачыў ён.

Льготы для спажыўцоў

Лукашэнка адзначыў, што галоўнае пытанне праекта ўказа - як стымуляваць людзей спажываць больш энергіі. Для гэтага плануюць прадугледзець пэўныя прэферэнцыі.

"Тут пэўныя, можна сказаць, льготы і пэўныя патрабаванні да насельніцтва: калі вы не будзеце выконваць нейкія ўмовы, льготы не атрымаеце і будзеце плаціць па больш высокім тарыфе", - падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Прэзідэнт перакананы, што выкарыстоўваць электраэнергію ў жылых дамах бяспечней і больш выгадна, чым прыродны газ.

"Вядома, трэба падштурхоўваць людзей. Я з гэтым згодны. Але гэты штуршок не павінен быць смяротным, калі казаць проста, па-народнаму. Гэта мяне больш за ўсё хвалюе, каб мы тут не нахамуталі. Каб гэта было спакойна, паступова", - падкрэсліў Лукашэнка.

Віцэ-прэм'ер Юрый Назараў адзначыў, што распрацоўваецца механізм кампенсацыі выдаткаў насельніцтву пры павелічэнні спажывання ў прыватных жылых дамах.

"Гэта ўжо другі крок па сутнасці. У 2019 годзе прынялі рашэнне аб індывідуальных тарыфах на электрычную энергію для насельніцтва. І мы бачым, што насельніцтва пачало павялічваць спажыванне і будаўніцтва новых дамоў з выкарыстаннем электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння, прыгатавання ежы. Цяпер гаворым пра тое, што ў тых дамах, якія ўжо пабудаваны, у якіх жывуць людзі, таксама трэба даць пэўны стымул, каб павялічылі выкарыстанне электраэнергіі на гэтыя мэты. Ідзе сістэмная праца", - распавёў віцэ-прэм'ер.

Галоўнае - улік

Дзяржава гатова дапамагаць людзям пры пэўных умовах.

"Але калі ўліку не будзе і іншыя пытанні не будуць вырашаны, то будуць плаціць па поўнай за свае грошы", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт, перш чым прыняць рашэнне, хоча пракансультавацца, на што трэба арыентавацца.

"Таму што пытанне тычыцца насельніцтва. І каб мы не перакінулі гэтае пытанне цалкам на насельніцтва. Потым, улік павінен быць арганізаваны. Калі мы проста запішам на паперы, а насельніцтва апынецца не здольным гэта зрабіць... Вось гэта мяне перш за ўсё хвалюе. Каб не бабахнулі па галаве людзям, а потым будзем адкручваць назад, калі нешта не так", - патлумачыў ён.

У абмеркаванні праекта ўказа таксама прынялі ўдзел міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын і старшыня Мінскага гарвыканкама Анатоль Сівак.

Праект указа распрацавалі, каб прастымуляваць людзей пераходзіць на выкарыстанне электраэнергіі ў сваіх дамах. Людзі змогуць карыстацца ёй для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Дакумент тычыцца аднакватэрных жылых дамоў.