Вясновыя канікулы ў беларускіх школьнікаў зацягнуліся на два тыдні, але навучальны год скончыцца ў тэрмін, таксама было прынята рашэнне не пераносіць Цэнтралізаванае тэсціраванне. Каб вучні паспелі прайсці ўсе тэмы, Нацыянальны інстытут адукацыі апублікаваў метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў па навучальным працэсе ў апошняй чвэрці.
Для тых, хто вывучае беларускую мову на базавым узроўні, прадугледжана скарачэнне гадзін на вывучэнне наступных тэм:
- "Сінтаксічныя прыметы сказаў з рознымі відамі сувязі частак; ужыванне, знакі прыпынку";
- "Канструкцыі з чужой мовай, ужыванне, знакі прыпынку".
Па беларускай літаратуры вывучэнне тэмы "Паэзія" і "Драматургія" зойме 3 і 2 гадзіны (замест 4 і 3 адпаведна), а тэме "Проза" адводзіцца толькі 4 гадзіны замест 6-ці.
Адзінаццацікласнікі, якія вывучаюць беларускую мову і літаратуру на павышаным узроўні, сутыкнуцца з наступнымі зменамі:
Колькасць гадзін на тэму "Канструкцыі з чужой мовай. Сінтаксічныя нормы: ужыванне канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў. Пунктуацыйныя нормы: знакі прыпынку ў канструкцыях з чужой мовай" скарачаецца ў два разы (3 замест 6-ці гадзін), а таксама выключаецца тэма "Навучальны дыктант".
На вывучэнне тэм "Паэзія", "Проза" і "Драматургія" адводзіцца на дзве гадзіны менш, чым гэта прадугледжана вучэбным планам.
Пры гэтым у рэкамендацыях Нацыянальнага інстытута адукацыі адзначаецца, што тэарэтычны матэрыял (правілы) вучні павінны засвойваць ў поўным аб'ёме, а пры пры падборы практычнага матэрыялу для фарміравання моўных, маўленчых і камунікатыўных уменняў настаўнікам рэкамендуецца скараціць аб'ём практыкаванняў рэпрадуктыўнага характару, а асобныя практыкаванні прапанаваць вучням у вуснай форме.
Што тычыцца рэкамендацый па літаратуры, правядзенне заняткаў магчыма ў форме чытацкай канферэнцыі, літаратурнай гасцёўні і да т.п.