Консульствы Беларусі ў Расіі прыпыняюць прыём грамадзян

Па экстраных пытаннях прыём грамадзян будзе забяспечаны. Прыпыненне прыёму будзе дзейнічаць да 1 мая.
Sputnik

МІНСК, 20 кра - Sputnik. Консульскі аддзел пасольства Беларусі ў Расіі прыпыняе прыём грамадзян, паведамілі ў панядзелак у дыппрадстаўніцтве.

Прыпыненне прыёму грамадзян па консульскіх пытаннях у пасольстве тлумачаць мерамі, прынятымі Расіяй па нераспаўсюджванні каронавіруснай інфекцыі.

Акрамя консульскага аддзела пасольства ў Маскве, прымаць грамадзян не будуць аддзяленні ў Екацярынбургу, Казані, Калінінградзе, Краснаярску, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Растове-на-Доне, Санкт-Пецярбургу, Смаленску, Уфе і Хабараўску.

Абмежаванне будзе дзейнічаць да 1 мая, паведамілі ў пасольстве.

"Пры гэтым будзе забяспечаны прыём грамадзян па экстраных пытаннях: выдача пасведчанняў на вяртанне ў Беларусь, выдача віз дыпламатам і адміністрацыйна-тэхнічнаму персаналу пасольстваў, акрэдытаваных у Расіі", - дадалі ў дыппрадстаўніцтве.