Прэм'ер Беларусі раскрытыкаваў гарбарную галіну за нізкую эфектыўнасць

Сітуацыя ў галіне ўжо разглядалася на ўзроўні ўрада паўгода таму, аднак праблемныя пытанні зняты не ўсё.
Sputnik

МІНСК, 22 кра - Sputnik. Эфектыўнасць працы гарбарных арганізацый застаецца на нізкім узроўні сказаў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас падчас прэзідыума савета міністраў, прысвечанага развіццю гарбарнай галіны, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Паводле яго слоў, сітуацыя ў гэтай сферы разглядаецца не ўпершыню, літаральна паўгода назад ужо збіраўся прэзідыум для абмеркавання гэтай тэматыкі.

"У галіне з 2020 года ў адпаведнасці з нашымі рашэннямі ідзе дзяржзаказ на скураную сыравіну. Былі знятыя ўсе забароны і прадастаўлена магчымасць рэалізоўваць незапатрабаваныя рэсурсы нізкагатункавай сыравіны шляхам выстаўлення на біржавыя таргі", - распавёў кіраўнік урада.

Сяргей Румас канстатаваў, што сітуацыя ў гарбарнай галіне з пачатку года некалькі палепшылася, пра што сведчаць лічбы. Разам з тым усе праблемныя пытанні не знятыя.

"Эфектыўнасць работы гарбарных арганізацый, на жаль, застаецца пакуль на нізкім узроўні", - адзначыў беларускі прэм'ер-міністр.

Таму ў беларускім урадзе сёння разглядаюць пытанні стабілізацыі сітуацыі ў гарбарнай галіне. Трэба будзе таксама правесці аналіз эфектыўнасці раней прынятых рашэнняў i пры неабходнасцi прыняць новыя.

"Да складанай сітуацыі ў гэтым годзе дадаліся пытанні, звязаныя з пандэміяй (каронавіруса - Sputnik). Многія замежныя спажыўцы скураных тавараў прыпынілі працу. Нашы некаторыя айчынныя спажыўцы пераходзяць на працу ў рэжыме няпоўнай занятасці", - звярнуў увагу кіраўнік урада.

На думку Сяргея Румаса, адначасова такія складаныя ўмовы з'яўляюцца новай магчымасцю для ўсёй гарбарнай галіны.