Больш за паўмільёна пералічана ў фонд матэрыяльнай дапамогі медыкам

Заявы медыкаў імкнуцца разглядаць максімальна аператыўна: з прафсаюзнага страхавога фонду ўжо пералічана 15 тысяч рублёў.
Sputnik

МІНСК, 23 кра - Sputnik. Больш за 500 тысяч рублёў пералічана ў прафсаюзны фонд страхавання медыкаў, пра гэта паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) у чацвер.

COVID-19 трапіў у спіс інфекцый, за працу з якімі медыкам даплацяць

Фонд, з якога аказваецца матдапамога ўрачам, якія захварэлі на каронавірус, быў заснаваны па рашэнні ФПБ у пачатку красавіка: ён фармуецца як за кошт "салідарных адлічэнняў усіх галіновых прафсаюзаў", так і з дапамогай добраахвотных ахвяраванняў суайчыннікаў.

"На сённяшні дзень прафсаюзамі пералічана ў фонд больш за 440 тысяч рублёў. Яшчэ звыш за 72 тысяч рублёў - асабістыя ўнёскі людзей (...). З прафсаюзнага страхавога фонду ўжо пералічана 15 тысяч рублёў у якасці матэрыяльнай дапамогі", - паведамілі ў ФПБ.

Адзначаецца таксама, што заявы медыкаў імкнуцца разглядаць максімальна аператыўна. Для атрымання дапамогі дастаткова хадайніцтва ад прафсаюзнага камітэта і копіі лістка непрацаздольнасці.

Аказваюць і іншую дапамогу

Установам аховы здароўя аказваюць дапамогу прафсаюзы ўсіх галін: гаворка, у першую чаргу, аб набыцці сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў.

"Рэспубліканскія камітэты, многія першасныя прафсаюзныя арганізацыі ўключыліся ў гэтую працу. Набываюцца і перадаюцца ў бальніцы і паліклінікі маскі, ахоўныя медыцынскія камбінезоны, дэзсродкі. Таксама сродкі абароны закупляюцца прафсаюзамі і непасрэдна для работнікаў прадпрыемстваў", - распавялі ў прэс-службе федэрацыі.

Адзначаецца таксама, што матдапамога выплачваецца работнікам, якія ў сілу складанай сітуацыі на тым ці іншым прадпрыемстве найбольш у гэтым маюць патрэбу, усяго на гэтыя мэты з прафсаюзных кас узаемадапамогі з пачатку красавіка выдаткавана больш 4,3 мільёна рублёў.

"Пад асаблівай увагай і клопатам прафсаюзаў работнікі тых галін, якія ў сілу прафесійных абавязкаў кантактуюць з вялікай колькасцю людзей і таксама маюць павышаную рызыку захворвання", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Так, напрыклад, супрацоўнікі шэрагу дамоў-інтэрнатаў пераведзеныя сёння на вахтавы метад работы, для іх забяспечана фінансаванне гарачага харчавання. А больш за 6,5 тысяч работнікаў чыгункі будуць застрахаваны на выпадак хваробы за кошт прафсаюзных сродкаў.