МІНСК, 24 кра - Sputnik. Ніякіх зменаў ва ўступнай кампаніі ў гэтым годзе не плануецца, заявіў сёння міністр адукацыі Ігар Карпенка.
На фоне распаўсюджвання каронавіруса часткова абмежаваныя або перанесены многія масавыя мерапрыемствы. Выказваліся і прапановы аб пераносе тэрмінаў уступнай кампаніі - каб не праводзіць яе падчас неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі.
"Мы паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя і прымем узважанае рашэнне. Але адразу можна сказаць, што выпускнікам не трэба турбавацца: ніякіх зменаў па форме правядзення ўступнай кампаніі не будзе. А як яе зрабіць бяспечнай, стварыць аптымальныя ўмовы - гэтае пытанне цяпер прапрацоўваецца", - сказаў Карпенка.
Па словах міністра адукацыі, на гэтую тэму сёння ў СМІ і інтэрнэце з'яўляецца шмат "укідаў".
"Пішуць: давайце зменім форму ўступных выпрабаванняў, давайце наогул іх адменім і па конкурсе атэстатаў правядзем і гэтак далей. Напэўна, гэта будзе няправільна і створыць няроўныя ўмовы", - растлумачыў сваю пазіцыю Карпенка, яго словы прывяла БелТА.
Нагадаем, рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца ўжо 2 мая. Самі выпрабаванні пройдуць у чэрвені-ліпені, пасля чаго абітурыенты будуць падаваць дакументы ў прыёмныя камісіі ВНУ.