Забарону на экспарт некаторых медыцынскіх тавараў знялі ў Беларусі

Урад прыбраў са спісу забароненых да вывазу тавараў медыцынскага прызначэння бінты, вату і марлю, а таксама медыцынскія маскі беларускай вытворчасці.
Sputnik

МІНСК, 9 мая - Sputnik. Часовую забарону на вываз з краіны некаторых медыцынскіх тавараў знялі ў Беларусі, адпаведная пастанова Саўміна №276 ад 8 мая апублікавана ў суботу на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Медыкі, якія працуюць з інфекцыямі, атрымаюць надбаўкі з 1 красавіка

У прыватнасці, урад прыбраў з пераліку забароненых да экспарту тавараў медыцынскага прызначэння бінты, вату і марлю. Акрамя таго, знялі абмежаванні на вываз з краіны медыцынскіх масак беларускай вытворчасці.

Нагадаем, часовую забарону на вываз за межы Беларусі некаторых тавараў медыцынскага прызначэння ўвялі ў рэспубліцы 17 сакавіка. Пад абмежаванні патрапілі аднаразовыя камбінезоны і касцюмы хімабароны, розныя віды рэспіратараў і ахоўных ачкоў, хірургічныя халаты, аднаразовыя і шматразовыя маскі, бахілы, вата, бінты, марля. Таксама забаранілі вывозіць за межы краіны розныя медыцынскія пальчаткі, камплекты адзення для медыкаў, дыхальнае абсталяванне і газавыя маскі.

У пятніцу стала вядома, што канцэрн "Беллегпрам" у маі плануе экспартаваць ахоўныя маскі ў Расію і Германію. Адшываць маскі на экспарт будуць "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне" і "Цэнтр моды". Пастаўкі планавалася наладзіць толькі пасля адмены забароны на экспарт ахоўных вырабаў.