МІНСК, 10 мая - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў грамадзян краіны з Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У сваім віншаванні кіраўнік дзяржавы адзначыў, што народ Беларусі "прайшоў складаны шматвяковы шлях да незалежнасці", і герб і сцяг - неад'емная частка гэтай гісторыі. "Разам з гімнам гэтыя найважнейшыя нацыянальныя сымбалі спрыяюць кансалідацыі грамадства, захаванню пераемнасці пакаленняў, натхняюць нас на новыя здзяйсненні ў карысць Айчыны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы ў сваім віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб гэтае свята стала для кожнага беларуса "ўвасабленнем нашых агульных перамог і дасягненняў" і надала больш упэўненасці ў заўтрашнім дні.
У завяршэнне беларускі лідар пажадаў усім добрага здароўя, шчасця, радасці і дабрабыту.
Крыху гісторыі
Гэтае свята было ўстаноўлена ў 1995 годзе і адзначаецца ў другую нядзелю мая.
Дзяржаўны герб і сцяг Беларусі былі змененыя па выніках ініцыяванага кіраўніком дзяржавы рэферэндуму, што прайшоў 14 мая 1995 года. За прыняцце новага сцяга і герба прагаласавала 75,1% удзельнікаў плебісцыту. Вялікую падтрымку атрымалі і пытанні, якія тычыліся надання рускай мове статусу дзяржаўнай і інтэграцыі з Расіяй. "За" па гэтых пунктах прагаласавала 83,3%.
У выніку Беларусь, адзіная з былых рэспублік СССР, вярнула сабе крыху падрэдагаваныя савецкія сімвалы.
А ў лютым гэтага года стала вядома, што спецыялісты падрыхтавалі праект змяненняў у закон аб дзяржаўных сімвалах, які прадугледжвае ўнясенне пэўных змяненняў у герб. Тэма выклікала шырокі грамадскі рэзананс.