МІНСК, 11 мая - Sputnik. Сабекошт электрычнасці залежыць ад мноства фактараў, сказаў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, перадае карэспандэнт Sputnik.
На мінулым тыдні на пляцоўку БелАЭС была пастаўлена першая партыя ядзернага паліва, якое выраблена на Новасібірскам заводзе хімічных канцэнтратаў. Дадзеная партыя прызначана для першага энергаблока атамнай станцыі, які павінен быць запушчаны ў гэтым годзе.
"Ядзернае паліва складае 20% ад сабекошту электрычнасці, якая выпрацоўваецца на атамных станцыях", - адзначыў Міхаіл Міхадзюк.
Намеснік міністра энергетыкі звярнуў увагу, што ў звычайных электрастанцый, якія генеруюць энергію з арганічных крыніц, паліва складае ад 60% да 80% у сабекошце электрычнасці.
Паводле яго слоў, у цяперашні час у Беларусі ў сабекошце электраэнергіі кошт расійскага газу складае 70%. Пры гэтым 1 кв/гадзіна каштуе для насельніцтва 16 капеек.
Міхаіл Міхадзюк дадаў, што на сабекошт выпрацоўкі электраэнергіі сёння ўплывае шмат фактараў. У беларускай энергасістэме праводзіцца маштабная работа па зніжэнні выдаткаў.
"Сёння вядуцца разлікі, якія разглядаюцца на спецыяльнай міжведамаснай камісіі, створанай па даручэнні прэм'ер-міністра (Румаса - Sputnik). На кошт энергіі, што выпрацоўваецца на атамнай электрастанцыі, таксама будуць уплываць многія фактары", - канстатаваў ён.
Пасля чаго запэўніў, што міжведамасная камісія гэтыя пытанні сёння адпрацоўвае, таму з уводам атамнай станцыі электрычнасць для насельніцтва не падаражэе.