Купалаўскі тэатр звярнуўся да сваіх гледачоў ва ўзрушаючым відэа, ролік апублікаваны на Youtube-канале ўстановы.
"Апусцілася заслона над сцэнай, закрыліся глядацкія крэслы белай прасцінай і — тэатр перайшоў у анлайн. Сумуем па вас, шаноўныя нашы гледачы. Па вашых усмешках, эмоцыях, апладысментах, па вашай прысутнасці. Мы хутка вернемся ў наш дом. У Купалаўскі!", - гаворыцца ў апісанні.
На відэа тэатр у адсутнасці гледачоў і акцёраў працягвае жыць сваім жыццём: касцюмы рухаюцца па пустых калідорах, у майстэрні працуюць швейныя машыны, а за раялем граем быццам бы сам Янка Купала, ролю якога выканаў артыст тэатра Раман Падаляка.
Мяркуючы па каментарах, карыстальнікі з захапленнем ацанілі ідэю.
Ад пачатку красавіка Купалаўскі прыпыніў паказаў спектакляў на галоўнай і Камернай сцэне. Творчае жыццё тэатра перамясцілася ў анлайн. Напрыклад, акцёры ўдзельнічаюць у праекце "Чытаць я хацеў", дзе чытаюць для гледачоў літаратурныя творы на беларускай мове.