МІНСК, 13 мая - Sputnik. Барысаў стане культурнай сталіцай Беларусі ў 2021 годзе, паведамілі ў прэс-службе міністэрства культуры.
Рашэнне зрабіць культурнай сталіцай рэспублікі менавіта гэты горад прынялі ў сераду на калегіі Мінкульта, якая прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі. За званне культурнай сталіцы змагаліся таксама гарады Мсціслаў і Глыбокае.
"Віншуем барысаўчан і чакаем цікавых праектаў!" - падкрэслілі ў прэс-службе міністэрства.
Рэспубліканская акцыя "Культурная сталіца года" праводзіцца ў Беларусі з 2010 года. У гарадах, якія былі абвешчаныя культурнай сталіцай, рэалізуюць розныя праекты з мэтай прэзентаваць іх ўсёй краіне. Таксама гэта з'яўляецца стымулам для творчых гараджан і спрыяе прыцягненню турыстаў.
Першай культурнай сталіцай Беларусі стаў горад Полацк. Таксама гэта часовае ганаровае званне атрымлівалі Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст, Маладзечна, Бабруйск, Наваполацк і Пінск. У гэтым годзе культурнай сталіцай рэспублікі з'яўляецца горад Ліда ў Гродзенскай вобласці.