Пуцін: Арменія і Беларусь не прымаюць формулу цаны на газ у ЕАЭС

Стратэгію развіцця ЕАЭС да 2025 года не атрымліваецца зацвердзіць на дадзены момант з-за пазіцыі беларускага і армянскага боку датычна тарыфаў на транспарціроўку газу.
Sputnik

МІНСК, 19 мая - Sputnik. Арменія і Беларусь не прымаюць агульную формулу для краін ЕАЭС па фарміраванні цаны на газ, заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас відэаканферэнцыі саміту краін Саюза.

Ці магчыма зніжэнне цаны на газ для Беларусі - меркаванне экспертаў

Дзяржавам, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, у гэтым годзе неабходна ўзгадніць праект Стратэгіі развіцця ЕАЭС да 2025 года. У дакуменце, у тым ліку, прапісаная формула фармавання кошту на газ.

"Праект практычна ўзгоднены, за выключэннем аднаго пункта, што датычыцца тарыфаў на транспарціроўку газу", - канстатаваў прэзідэнт Расіі.

Паводле яго слоў, дадзеную формулу падтрымліваюць у Маскве, Нурсултане і Бішкеку. Сутнасць яе складаецца ў тым, што "падыходы да цэнаўтварэння на газ можна было б вызначыць пазней на перамовах па фарміраванні агульнага рынку газу ЕАЭС".

"Гэтую формулу пакуль не прымаюць нашы армянскія і беларускія калегі. У іх сваё бачанне гэтага пытання", - звярнуў увагу Пуцін.

Пасля чаго дадаў, што "калі б яны змаглі пагадзіцца з ім, то іншых перашкод на шляху адабрэння Стратэгіі не засталося б наогул".

Тарыф не дацягвае да інтэграцыі

Пуцін растлумачыў, што Ерэван і Мінск прапануюць адзіны тарыф на паслугі па транспарціроўцы і транзіце газу. Пры гэтым у Расіі мяркуюць, што гэта магчыма "толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам, адзінай сістэмай падаткаабкладання".

"Такі глыбокі ўзровень інтэграцыі ў ЕАЭС пакуль яшчэ не дасягнуты", - асабліва адзначыў расійскі прэзідэнт.

Таму пакуль цэны на газ павінны фарміравацца на аснове рынкавай кан'юнктуры, якая ўлічвае затраты і інвестыцыі пастаўшчыкоў. Цэны на "блакітнае паліва" таксама абавязаны забяспечваць абгрунтаваную норму прыбытку на ўкладзены ў здабычу капітал.

"Гэта звычайная - я хачу падкрэсліць, паважаныя калегі - гэта звычайная сусветная практыка", - растлумачыў пазіцыю Пуцін.