МІНСК, 22 мая - Sputnik. Парламент ратыфікаваў міжурадавае беларуска-расійскае пагадненне аб узаемным абмене геапрасторавай інфармацыяй паміж узброенымі сіламі, прадстаўленае міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным, паведамілі ў прэс-службе Мінабароны.
Па словах міністра абароны, гэты дакумент дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць навігацыйнага забеспячэння рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. У прыватнасці, гэта неабходна для правядзення сумесных мерапрыемстваў па аператыўнай падрыхтоўцы.
"Ратыфікацыя дазволіць тапаграфічным службам павысіць аператыўнасць забеспячэння ўзброеных сіл сродкамі тапагеадэзічнай інфармацыі на зону адказнасці рэгіянальнай групоўкі войскаў", - растлумачыў Хрэнін.
Таксама прыняцце гэтага дакумента адкрые магчымасці для уніфікацыі тэхналогій і нарматыўнай, тэхнічнай дакументацыі, што ў сваю чаргу дазволіць знізіць выдаткі. У сукупнасці гэта павысіць магчымасці вайскоўцаў у Беларусі і Расіі па стварэнні геапрасторавай інфармацыі.
Ваенныя дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы прадоўжаць супрацоўніцтва ў мэтах стварэння банкаў даных геапрасторавай інфармацыі і навучання спецыялістаў.