Фестывалі і капуснікі: як Мінадукацыі рэкамендуе правесці выпускныя-2020

Сярод прапаноў міністэрства - школьны капуснік і прадстаўленне ў духу ўручэння кінапрэміі "Оскар".
Sputnik

МІНСК, 25 мая - Sputnik. Міністэрства адукацыі Беларусі падрыхтавала рэкамендацыі па правядзенні выпускных вечароў у 11-класах у гэтым годзе.

Петыцыю за адмену выпускных экзаменаў падпісалі больш за 6,5 тысяч беларусаў

З-за распаўсюджвання каронавіруса сёлета школам было рэкамендавана адмовіцца ад масавых мерапрыемстваў на выпускных, аднак атэстаты ўсё роўна плануюць выдаваць ва ўрачыстай абстаноўцы. Мінадукацыі пры гэтым падрыхтавала рэкамендацыі, у якіх растлумачана, як чыноўнікі бачаць у выніку фармат правядзення выпускных.

"Ва ўмовах існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі неабходна адмовіцца ад правядзення выпускных вечароў у сценах буйных забаўляльных комплексаў і звярнуць увагу на больш камерныя варыянты правядзення школьнай урачыстасці, якія можна правесці як у памяшканні школы, так і на адкрытай пляцоўцы", - гаворыцца ў рэкамендацыях.

Сярод прапаноў Мінадукацыі: самадзейны школьны капуснік, конкурс талентаў, выпускны ў фармаце прэзентацыі фільма "Кінастужка школьных дзён".

Таксама чыноўнікі прапануюць правесці выпускны ў выглядзе цырымоніі ўзнагароджання "Юнацтва ўступае ў жыццё" з уручэннем узнагарод за перамогі ў намінацыях, выпускны фестываль "Выпускнік-2020" у фармаце кінафестывалю з кароткаметражных ролікаў.

"Можна прапусціць усю "здымачную" частку і зладзіць адразу свята па сцэнары ўручэння "Оскара". У гэтым выпадку варта загадзя вырашыць, хто з выпускнікоў у сілу сваіх якасцяў, праяўленых за час вучобы ў школе, на якую намінацыю павінен прэтэндаваць. Зрабіце рабятам сюрпрыз: хай для кожнага, які выходзіць на сцэну за сваім "Оскарам" стане нечаканасцю тая намінацыя, у якой ён будзе ўзнагароджаны", - прапануюць у Мінадукацыі.

У якасці арганізатараў мерапрыемства могуць выступіць настаўнікі ці бацькі.

Нарэшце, таксама Мінадукацыі прапануе правесці памятнае мерапрыемства ў выглядзе закладкі алеі або капсулы памяці для будучых выпускнікоў.